Праекты

 

ФІЛАСОФСКІ МАНІТОРЫНГ І ПРАГРАМА ПЕРАКЛАДЧЫК

Гэты праект разлічаны на ажыццяўленне маніторынгу – адсочванне, рэцэнзаванне, спавяшчэнне і абмеркаванне – актуальных філасофскіх і парафіласофскіх тэкстаў, якія складаюць пэўны тэматычны інтарэс для ўдзельнікаў філасофскай супольнасці і вартыя быць прэзэнтаванымі ў яе межах.

Асноўныя мэты праекту: 1) пашырыць агульную інфармаванасць удзельнікаў супольнасці і іншых зацікаўленых наконт навінак сучаснай філасофіі, літаратуры і г.д. шляхам сумяшчэння асабістых “палёў веды” (прыватнага маніторынгу) – тым самым далучаць удзельнікаў праекту да актуальнага досьведу сусветнай філасофскай думкі; 2) адсочваць тыя навінкі сусветнай філасофіі (кнігі, артыкулы і г.д.), якія могуць спрычыніць інтарэс да іх перакладу на беларускую/рускую мовы з боку ўдзельнікаў у межах праграмы Перакладчык. Апошняя мае існаваць на сістэмным грунце: для індывідуальнага ці сумеснага перакладу будзе абірацца найбольш значнае і цікавае з праграмы маніторынгу, што дасюль яшчэ не перакладалася.

У межах дадзенага праекту наладжваюцца абмеркаванні, агляды і рэцэнзіі тэкстаў – руска-, беларускамоўных, перакладных і на мовах арыгіналу.

Практычныя выхады па праекце: стварэнне аглядаў, рэцэнзій навінак філасофскай літаратуры і іх змяшчэнне на сайце супольнасці, у спецыялізаваных часопісах, а ў перспектыве – ў выглядзе спецыялізаваных выданняў-аглядаў; пераклад (яго арганізацыйная і фінансавая падтрымка) найбольш значных і цікавых твораў на беларускую/рускую мовы і дапамога ў іх выданні. Актуальная лабараторыя перакладу з магчымым удзелам дасяжная ТУТ.

 Лабараторыя  навуковага перакладу

(Translatorium)

Задачы і мэты праекта. Асноўнай мэтай функцыянавання лабараторыі перакладу ў адрозненні ад апрычонай перакладніцкай актыўнасці з’яўляецца не паўставанне перакладаў як гэткіх, але заснаванне і падтрыманне самой традыцыі перакладніцкай дзейнасці за кошт стварэння прафесыйных перакладчыцкіх суполак водле перакладу тэкстаў -  з розных галін ведаў. Супольная праца ў межах лабараторыі дазваляе перакладчыку атрымаць дапамогу ў стылістычным, канцэптуальным і тэрміналагічным відах працы з тэкстам ад групы ў межах каляндарных спатканняў, а таксама анлайн-абмеркаванняў. Гэта мае на ўвеце падвышэнне якасьці перакладчыцкай справы, паскарэнне тэмпаў індывідуальнай работы з тэкстам, узрастанне асабістай культуры перакладу.

Асноўнымі задачамі лабараторыі стаюцца наступныя: а) арганізацыя каляндарных і інтэрнет-абмеркаванняў перакладаных тэкстаў або іх рэпрэзэнтатыўных фрагмэнтаў, іх экспертыза і карэктура; б) наладжванне майстэрняў і сэмінараў для інтэнсіўнага падвышэння ўзроўню кампетэнцыі перакладчыкаў; в) стварэнне прафесыйных суполак перакладчыкаў водле розных галін веды ў межах секцый лабараторыі і арганізацыя іх узаемадзеяння паміж сабой; г) складанне і выданне ўздапаможнай літаратуры для перакладчыцкай справы (тэматычныя і  тэрміналагічныя слоўнікі, метадычныя дапаможнікі па падвышэнню якасьці перакладу,  выданне тэматычнага квартальніка па тэхніцы і прынцыпах перакладу на беларускую мову ў фармаце pdf); д) праца з выдавецтвамі і суправаджэнне выдання перакладаў; е) перспектыўным можа з’яўляцца стварэнне і падтрымка тэматычнай інтэрнэт-старонкі для мэтаў лабараторыі.

Арганізацыя працы ў межах секцый лабараторыі. Кожная секцыя лабараторыі мае арганізоўваць сустрэчы-абмеркаванні перакладаў штомесяц (у залежнасці ад патрэбы) водле індывідуальнага графіку сустрэчаў. Таксама акрамя каляндарных сустрэчаў-абмеркаванняў прадугледжаныя анлайн-абмеркаванні фрагмэнтаў перакладу як тых, што разглядаліся пад час сустрэчаў, гэтак і тых, што не выносіліся на сустрэчы дзеля арганізацыйных цяжкасцяў, для павелічэння колькасці ўдзельнікаў абмеркаванняў (пакуль тэматычнай платформай з’яўляецца http://pajmo-by.livejournal.com/). Напрыканцы кожнага месяца можа арганізоўвацца супольная сустрэча нарада водле вырашэння канцэптуальна-тэрміналагічных пытанняў перакладу.

Формы працы: у часе сустрэчаў-абмеркаванняў – агульнае абмеркаванне прапанаваных загадзя тэкстаў або іх фрагмэнтаў, стылёвая і канцэптуальная рэдактура перакладу, ацэнка вартасцяў і недахопаў перакладзенага тэксту і групавая кансультацыя перакладчыка водле канцэптуальна-тэрміналагічных момантаў; у часе інтэрнет-абмеркаванняў – супольнае абмеркаванне, рэдактура, ацэнка перакладу праз гугл-старонку або тэматычны форум/блёг; у часе канцэптуальна-тэрміналагічнай нарады – выступы экспертаў, іх супольнае абмеркаванне ўдзельнікамі лабараторыі, этымалагічна-лінгвістычныя вышукі слоў альбо моўных канструкцыяў-адпаведнікаў.

Асноўным праектам лабараторыі (трансляторыюма) на сёння з’яўляецца праграма “500 перакладаў гуманітарыстыкі для патрэбаў беларускамоўнага навучання.

Паглядзець агульную канцэпцыю праграмы “500 перакладаў”.

Паглядзець спіс кніг на пераклад у прадметным і альфабэтным варыянтах.

Каардынатар праекта  – Павал Баркоўскі

Сувязь: barkouski@prastora.org

ЛАБАРАТОРЫЯ

Даследчыцкая лабраторыя мае за мэту практычныя даследванні феноменаў беларускай культуры з тым, каб выявіць тэндэнцыі, умовы і перспектывы яе афармлення, iснавання і развіцця ў пост-савецкі перыяд.

Асноўныя задачы:

1. Апрабацыя разнастайных метадалогій даследвання культурных феноменаў;

2. Збор і сістэматызацыя эмпірычнага матэрыялу (стварэнне кейсаў);

3. Здзяйсненне культурнай крытыкі з пpывязкай да ўлады ідэалогіі;

4. Стварэнне тэорыі культуры на падставе сабранага матэрыялу;

5. Друк і прэзентацыя калектыўнага зборніка артыкулаў або калектыўнай манаграфіі.

Згодна з адзначанымі задачамі мусяць быць рэалізаваны наступныя аспекты даследчыцкай працы:

1. Запаўненне метадалагічных лакун;

2. Аналіз культуры на падставе шырокага эмпірычнага матэрыялу;

3. Магчымасць пачуць экспернае меркаванне “старэйшых калег” і атрымаць зваротную сувязь знагоды ўласнага даследвання.

Каардынатары лабараторыі : Антаніна Серакова і Вольга Давыдзік.

Сувязь: laboratory@prastora.org

ЧЫТАЕМ АДЗІН АДНАГО

“Чытаем адзін аднаго” – адзін з праектаў Беларускай філасофскай прасторы, скіраваны на актыўнае засваенне таго, што робіцца філосафамі і іншымі гуманітарыямі ў Беларусі. Для распачатку праекту істотным было тое меркаванне, што без самаасэнсавання і культывацыі ўвагі на неабходнасці фармавання ўласнай традыцыі філасофіі і соцыягуманітарнай веды існаванне падобнай веды наўрацці можа мець спадзеў на будучыню. Інакш кажучы, пад час абрання ў якасьці ўласнай пазіцыі таго або іншага падыхода ці паняткаў, што былі прапанаваныя замежнымі філосафамі і гуманітарыямі, адно толькі сталы зварот да “месца свайго прамаўлення” зможа дапамагчы паразумець іхныя сэнс і значнасць, з аднаго боку, і зведаць уласныя кантэксты іх ужывання, з іншага. Без утрымання глабальнага кантэксту ў лакальным немагчыма здзейсніць нешта напраўду значнае ў філасофіі сёння, як зрэшты і папросту паразумець саміх сябе.

Галоўныя задачы праекту наступныя:

-          абмеркаванне тэкстаў, напісаных беларускімі філосафамі і гуманітарыямі перадусім за апошнія 20 год;

-          напісанне рэцэнзіяў ды водгукаў на актуальныя тэксты;

-          сістэматызацыя веды пра беларускую філасофію і гуманітарыстыку, а таксама наважванне шляху да гістарызацыі падобнай веды;

-          стымуляванне стасункаў паміж аўтарамі: абмен тэкстамі і спасылкамі, сустрэчы з мэтай прэзэнтацыі і абмеркавання сваіх актуальных доследаў, круглыя сталы і г.д.

Мы будзем радыя Вашаму ўдзелу ў працы гэтага праекту.

Каардынатар праекту: Вольга Шпарага