Міжнародная канферэнцыя «Ян Паточка і ідэя Эўропы. Усходне- і цэнтральна-эўрапейскі кантэксты» (BY)
20-23 красавіка 2011 г. мае адбыцца міжнародная канферэнцыя
«Ян Паточка і ідэя Эўропы. Усходне- і цэнтральна-эўрапейскі кантэксты»
З ініцыятывай правядзення канферэнцыі выступаюць адкрытая супольнасць «Беларуская філасофская прастора» у супрацоўніцтве з Сярэднеэўрапейскім інстытутам філасофіі (Прага), Інстытутам філасофіі (Тэхнічны ўніверсітэт, Дрэздэн), Інстытутам філасофіі Акадэміі навук Чэхіі і Архівам Яна Паточкі (Прага), Інстытутам палітычнай веды Акадэміі навук Славакіі (Браціслава), Дэпартаментам гісторыі і сацыялогіі ўніверсітэта Беластока (Польшча), і інш. Канферэнцыя праводзіцца пры падтрымцы амбасады Чэшскай рэспублікі ў Мінску, а таксама фінансавай падтрымцы Міжнароднага Вышаградскага фонда.
Правядзенне канферэнцыі прымеркаванае да выхаду ў Беларусі перакладаў значных прац Яна Паточкі на расейскую мову, што выклікала падвышэнне інтарэсу да чэшскай філасофіі і культуры ў постсавецкім інтэлектуальным асяродку. Чэшскі мысляр распрацаваў канцэпцыю, якая адпавядае агульным стандартам кантынентальнай філасофіі і арганічна ўпісаная ў кантэкст заходняй фенаменалагічнай традыцыі. Спецыфічная культурная ідэнтычнасць Паточкі, а таксама ягоная асаблівая цікавасць да тэмаў Эўропы і “эўрапейскасці” дае падставу закрануць цэлы шэраг значных пытанняў, найперш звязаных з магчымасцю інтэграцыі ўсходне- і цэнтральна-эўрапейскіх народаў у агульнае культурна-сэнсавае поле Эўропы.
З прычыны таго, што філасофія Паточкі артыкуляваная вакол трох сэнсавых фокусаў – “палітыкі”, “гісторыі” і “ідэі Эўропы”, – менавіта гэтыя тэмы павінны стаць цэнтральнымі для канферэнцыі. Калі ўлічыць прыналежнасць Паточкі да фенаменалагічнай традыцыі, асаблівую ўвагу плануецца надаць магчымасцям фенаменалагічнай філасофіі для асэнсавання актуальных сацыяльна-палітычных і культурніцкіх працэсаў. Аднак цікавым і плённым будзе, на наш погляд, сутыкненне фенаменалагічнага пункту гледжання з альтэрнатыўнымі падыходамі, найперш, сацыяльна-крытычнай традыцыяй.
Асноўныя мэты канферэнцыі:
- Актуалізацыя палітыка-філасофскіх ідэяў Яна Паточкі, якая закліканая стымуляваць цікавасць да чэшскай філасофіі і культуры ў пастсавецкім кантэксце.
- Тэматызацыя “ідэі Эўропы” ў кантэксце праблемы цывілізацыйнага выбару ўсходне- і цэнтральнаэўрапейскіх народаў.
- Абмеркаванне магчымых стратэгіяў інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскі культурны ландшафт.
- Аналіз магчымасцяў фенаменалагічнай філасофіі для асэнсавання актуальных культурніцкіх і палітычных працэсаў у Эўропе.
- Вызначэнне спецыфікі і перспектыў развіцця ўсходне- і цэнтральнаэўрапейскіх праектаў палітычнай філасофіі.
Асноўныя напрамкі і меркаваныя тэмы канферэнцыі:
1) Ідэя Эўропы і Беларусь
- Унёсак Яна Паточкі ў асэнсаванне “ідэі Эўропы”
- Ідэя Эўропы як гістарычны і геапалітычны выклік/выбар Беларусі
- “Эўропа” як адкрыты праект: канстытуяванне сэнсу эўрапейскасці
2) “Палітычнае жыццё” і праекты палітычнага
- Панятак палітычнага: свабода, адказнасць, салідарнасць, прыватнае/публічнае
- Тэматызаванне палітыкі ў фенаменалагічнай (М. Гайдэгер, Г. Арэнд, Я. Паточка) і сацыяльна-крытычнай традыцыях
- Спецыфічнасць і перспектывы развіцця праектаў палітычнай філасофіі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.
3) Усталяванне сэнсу гісторыі і лёс Эўроп.
- Сэнс гісторыі і гісторыя як сфэра сэнсаў
- “Клопат пра душу” як тое, што нітуе эўрапейскую гісторыю
- Філасофска-гістарычнае асэнсаванне тэмы тэхнікі і вайны ў кантэксце развіцця эўрапейскай цывілізацыі
Фармат канферэнцыі:
20.04 – прыезд і рэгістрацыя ўдзельнікаў;
21-22.04 – праца плянарнага і секцыйных паседжанняў канферэнцыі;
23.04 – культурная праграма, ад’езд удзельнікаў.
Працоўныя мовы: беларуская, руская, ангельская, нямецкая
Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца спецыялісты па тэме, выкладчыкі, аспіранты, навуковыя супрацоўнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў і фондаў. Аргкамітэт канферэнцыі пакідае за сабой права адбору ўдзельнікаў і матэрыялаў канферэнцыі. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніку навуковых прац, што будзе складацца з навуковых артыкулаў, заснаваных на матэрыялах выступаў і дакладаў удзельнікаў канферэнцыі.
На жаль, у сувязі з умовамі правядзення канферэнцыі мы не можам забяспечыць фінансавую падтрымку ўсім удзельнікам (за выключэннем спецыяльна запрошаных гасцей) у аплаце выдаткаў на пражыванне, харчаванне і праезд. Спадзяемся, што зацікаўленыя ва ўдзеле асобы знойдуць дапамогу ў адпаведных арганізацыях і фондах у сябе на радзіме. Са свайго боку арганізатары канферэнцыі рыхтоўныя аказаць дапамогу ў замаўленні месцаў у гатэлях, сустрэчы і суправаджэнні ўдзельнікаў.
Для ўдзелу ў канферэнцыі “Ян Паточка і Ідэя Эўропы”, якая мае праходзіць у Мінску 20-23 красавіка 2011 г., неабходна да 10 сакавіка падаць заяўку на ўдзел, запоўніўшы рэгістрацыйную форму на нашым сайце, альбо перадаць сваю заяўку праз нашых партнэраў. У заяўцы на ўдзел неабходна ўнесці кароткую інфармацыю пра сябе, назву меркаванага выступу і ягонае рэзюмэ, а таксама паведаміць пра папярэднія даты прыезду і адбыцця. Адбор удзельнікаў адбудзецца да 15 сакавіка чальцамі аргкамітэту і партнэрамі канферэнцыі, пасля чаго падаўшыя заяўкі будуць спавешчаныя пра рашэнне аргкамітэта і атрымаюць запрашэнне на канферэнцыю. Выданне матэрыялаў канферэнцыі чакаецца ў траўні-чэрвені 2011 г.