ВАЦЛАЎ ГАВЕЛ: ПАСЛАННЕ ДА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ КАНФЕРЭНЦЫІ
ВАЦЛАЎ ГАВЕЛ
ПАСЛАННЕ ДА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ КАНФЕРЭНЦЫІ “Ян Паточка і Ідэя Эўропы. Усходне- і заходнеэўрапейскі кантэксты”
22-23 Красавіка 2011, Мінск
Спадарыні і спадары,
шаноўныя ўдзельнікі канферэнцыі,
дазвольце мне хаця б на адлегласці павітаць Вас і выказаваць радасць з нагоды таго, што менавіта ў Мінску праходзіць канферэнцыя, прысвечаная жыццю і творчасці чэшскага філосафа Яна Паточкі.
У далёкія шасцідзесятыя гады я, пятнаццацігадовы хлопчык, даведаўся, што існуе кніга “Натуральны свет як філасофская праблема”. Яна ляжала ў пражскай універсітэцкай бібліятэцы, але не выдавалася, таму што аўтар быў у няміласці ў камуністычнага рэжыму. Забароненую кнігу магчыма было атрымаць, абгрунтаваўшы яе неабходнасць, і толькі са згоды нейкага спадара Йіркоўскага. Я набраўся адвагі, прыйшоў да яго, і ён сапраўды дазволіў. Мабыць ён палічыў, што я не з’яўляюся пагрозай камуністычнай уладзе. Кніга “Натуральны свет як філасофская праблема” аказала вялікі ўплыў на ўсё мае жыццё. Я зразумеў, што мяне атачае натуральны свет, які мае сваё блізка, сваё далёка, сваё ўнізе, сваё ўверсе, які мае свае аглядныя межы, сваю таямніцу, і што гэта іншы свет, чым той, які нам прапануе навука.
У шасцідзесятыя гады я ўжо быў знаёмы з прафесарам Паточкам і запрашаў яго ў Тэатр “На Забрадлі”, дзе пасля прадстаўлення ён вёў філасофскія гутаркі і дыскусіі. Гта быў цікавы палеміст, сакратаўскі тып філосафа, і мы заставаліся там да позняй ночы.
У сямідзесятыя гады я па даручэнні сяброў папрасіў яго быць прэс-сакратаром Хартыі-77 і такім чынам стаў сведкам яго цяжкіх роздумаў. Ён доўга вагаўся, таму што ведаў, што гэта прынцыповая і рызыковая справа, якая карэнным чынам зменіць яго жыццё і можа давесці да турмы. Калі ён усёж-такі вырашыў прыняць маю прапанову, ён паставіўся да яе з велізарнай адказнасцю. За ўсё, што ён рабіў, ён адказваў асабіста і ішоў да канца, што парадаксальна пацвердзіў і абставінамі сваёй смерці пасля аднаго са шматгадзінных допытаў.
Ян Паточка нараўне з іншымі ўнес і агучыў маральны складнік Хартыі-77. Ён гаварыў пра салідарнасць усіх нераўнадушных, аб тым, што ёсць рэчы, якія неабходна рабіць проста таму, што гэта добра, і не разлічваць на іх поспех або наступную ацэнку.
Я сустракаюся з дысыдэнтамі, з апазіцыйнымі дзеячамі і змагарамі за правы чалавека з краін з дыктатарскімі ці аўтарытарнымі рэжымамі. І цікава тое, як усе яны аб’яўляюць сябе – для мяне нават дзіўным спосабам – прыхільнікамі запаветаў Хартыі-77 і яе маральных складнікаў. Ідэя негвалтоўнага процідзеяння, за якую мы адказваем усёй сваёй сутнасцю, распаўсюджваецца ў значнай ступені і дзякуючы прафесару Паточку, які так і застаецца для нас вечным натхненнем.
Ваш
Вацлаў Гавел