Пратакол паседжання 28/02 у кнігарне ЛогвінаЎ

У   апошні  дзень  зімы,  28  лютага  адбылося  паседжанне  Беларускай філасофскай  прасторы  з  выступам  Андрэя  Шумана  з  нагоды выйсця ў
бліжэйшы  час калектыўнай манаграфіі “Філасофія і логіка ў Цэнтральнай і   Ўсходняй   Эўропе”   на   ангельскай  мове  і  наступным  агульным
абмеркаваннем азначанага праекта і самой канцэпцыі “супрацы з заходняй акадэмічнай   супольнасцю”. 

Андрэй  выказаў  сваё  бачанне  ідэалогіі згаданага  праекта,  патлумачыў  выбар  праблематыкі, паказаў на існыя
спосабы  камунікацыі  і  спецыфічнасць  наладжвання  стасункаў з рэгіянальнымі  спецыялістамі  па тэме. Сам праект мусіць выкрываць для
заходняга    англамоўнага    чытача   невядомыя   для   яго   старонкі інтэлектуальнага  жыцця  цэнтральна-  і  ўсходнеэўрапейскага  рэгіёну,
паказваць  інтэлектуальныя  вытокі лакальных філасофскіх традыцый, пра якія  на Захадзе вядома збольшага праз эміграцыю асобных прадстаўнікоў
Венскага  гуртка,  Львоўска-Варшаўскай школы.

У межах дыскусіі, у якой прынялі   актыўны  ўдзел  Леў  Крывіцкі,  Уладзімір  Мацкевіч,  Вольга Шпарага,  Андрэй  Мірашнечка,  Алесь Туровіч і іншыя, быў узняты шэраг
пытанняў  пра ўласную філасофскую ідэнтычнасць, магчымасць уваходжання ў  варункі  заходняга  акадэмічнага жыцця для мясцовай інтэлектуальнай прасторы,   крытэры  эфектыўнасці  (ідэйнай,  камерцыйнай,  публічнай) стварэння нацыянальных школ ці арыгінальных інтэлектуальных прадуктаў. Ад  канстатавання  сітуацыі  амаль фактычнай terra incognita філасофіі Беларусі нават для саміх беларускіх інтэлектуалаў, як і для вонкавага чытача,  прыйшлі да выяўлення пэўных зрухаў у галіне ўзаемапрызнання і сумеснай  крытыкі,  якія  мусяць  доўжыцца  і  спараджаць арыгінальную традыцыю   тутэйшага   мыслення  дзеля  філасафічнага  даследавання  тых актуальных  праблемаў,  што стаяць перад нашым рэгіёнам і намі самімі, але апасродкавана ўводзяць нас у глабальны кантэкст іхнага развязання.

Цікавымі   момантамі   дыскусіі   сталіся   таксама  спробы  параўнаць акадэмічныя  стандарты  навуковай  філасофіі  на захадзе і ў Беларусі,
магчымыя  крытэры  ўзаемапрызнання,  уваходжанне ў сумесныя праекты на індывідуальнай  аснове  і праз фармаванне рэгіянальных ініцыятываў. Бурныя
спрэчкі  паўсталі таксама наконт адвечнага пытання: наколькі філасофія можа   і   мае   добра   прадавацца   сёння,  ці  не  забівае  падобная
камерцыяналізацыя   саму   ідэю   філасофскай   працы?  Карацей,  акцыя атрымалася  досыць  публічнай і змястоўнай з тым улікам, калі падобныя
абмеркаванні  будуць  мець  сваем  наступствам  канкрэтныя  дзеі ў фармаванні   інтэлектуальнай   прасторы   ў   Беларусі   і   стварэнню
арыгінальных  традыцый  філасофіі на рэгіянальным узроўні.

Дзякуй усім удзельнікам  дыскусіі, а таксама выступоўцу і ўкладальніку калектыўнай манаграфіі ў межах міжнароднага праекта – Андрэю Шуману.

П. Баркоўскі

Вы можаце сачыць за каментарамі да гэтага запісу праз RSS 2.0 feed. Вы можаце пакінуць каментар, альбо trackback з вашага ўласнага сайта.

 

Пакінце каментар