Прастора ў Медыя: “Беларускія філосафы ў пошуках прасторы”

Інтэрнэт-рэсурс "Беларуская філасофская прастора”10 чэрвеня ў галерэі “Ў” адбылася відэапрэзентацыя інтэрнэт-рэсурсу “Беларуская філасофская прастора”. На фоне філасофскіх праектаў, што з пераменным поспехам функцыянуюць у байнэце, нараджэнне чарговага выклікала ў публікі жывую цікавасць. Прафесіяналы і аматары філасофскай сферы на працягу вечара займаліся тым, што параўноўвалі новы праект з ужо вядомымі, гадалі, ці выйдзе калі-небудзь беларуская філасофія з кулуараў, шукалі патаемны сэнс у падабенстве адрасоў філасофскага парталу ды інтэрнэт-крамы і раздавалі бясплатныя парады арганізатарам сайту.

Пяць квадратных метраў філасофскай прасторы

Як распавёў адзін з “віноўнікаў” прэзентацыі, каардынатар “Беларускай філасофскай прасторы” Павел Баркоўскі, усё пачалося з таго, што прыкладна год таму пры БДУ з’явілася аднайменная філасофская суполка. У яе ўвайшлі прадстаўнікі розных навучальных і навуковых установаў – БДУ, ЕГУ, Інстытуту філасофіі, МДЛУ, БДТУ ды інш., – а таксама прадстаўнікі розных грамадскіх ініцыятываў.

“Ключавой ідэяй суполкі ёсць стварэнне агульнай прасторы для крытычна думаючых інтэлектуалаў, якія цяпер раскіданыя кожны на сваёй выспачцы на 5 квадратных метраў на архіпелагу Беларусь, як у метафары Акудовіча”, – вызначае галоўнае адрозненне гэтага праекту ад іншых Павел Баркоўскі, які працуе дацэнтам кафедры філасофіі культуры БДУ.

Пры гэтым удзельнікі “Беларускай філасофскай прасторы” не імкнуцца замяніць сабою іншыя філасофскія праекты. Яны спрабуюць стварыць тое асяроддзе, дзе кожны такі праект зможа адчуваць сябе не ізаляваным, а ўпісаным у асяроддзе.

Карл Маркс і гендэрная роўнасць на адным сайце

Для стварэння сайту ва ўдзельнікаў суполкі было некалькі прычынаў. “Па-першае, сайт – гэта адлюстраванне дзейнасці праекту, па-другое, рэсурс, у межах якога кожны можа здабыць неабходную інфармацыю пра беларускія і сусветныя праграмы, стыпендыі, гранты і тэматычныя канферэнцыі філасофскага плану”, – тлумачыць Павел Баркоўскі.

Мяркуючы па напаўненні рэсурсу, дзейнасць суполкі пры БДУ непрыкметнай і аднапланавай называць не выпаде. Тэмы сустрэчаў і канферэнцыяў не дадуць “праклікаць міма” носьбітам левых палітычных поглядаў (разгляд “Капіталу” Карла Маркса), прыхільнікам інтэрнэт-навукі (канферэнцыя “Анлайн-адукацыя ў свеце”), прадстаўніцам(-кам) палітыкі гендэрнай роўнасці (“Жаночы досвед у літаратуры і грамадстве” – аналітыка па слядах)… Сайт будзе карысны і тым, хто зацікаўлены ў развязанні разнастайных культурніцкіх, рэлігійных і гістарычных пытанняў.

Цяпер удзельнікі “Беларускай філасофскай прасторы” занятыя рэалізацыяй шэрагу праектаў. Ідзе маніторынг філасофскіх працаў, працуюць лабараторыя перакладу філасофскай літаратуры на беларускую мову і даследчая лабараторыя, якая вывучае сувязі філасофскіх канцэпцыяў са штодзённым жыццём. Ёсць праект, закліканы сфармаваць у філосафаў культуру чытання адно аднаго. “Мы ствараем мультыфіласофскі партал”, – падкрэслівае каардынатар.

Філасофія праекту: альтэрнатыва анклавам

Нягледзячы на актыўнае асвойванне беларускай філасофскай супольнасцю неабсяжнага Сеціва, да выхаду на сусветны ўзровень ёй яшчэ посціць і посціць. “З самага пачатку айчынныя філосафы скіраваныя на еўрапейскі праект філасофіі ды арыентуюцца на ўжыванне адпаведных тэмаў і канцэпцыяў. Аднак трэба сістэмна і доўга працаваць, каб выйсці спачатку на калегаў постсавецкага, а потым і еўрапейскага рэгіёну”, – рэальна глядзіць на рэчы Павел Баркоўскі.

“Шмат якія даследчыкі лічаць айчынную філасофію досыць анклаўнай і местачковай, бо яна не мае сталых выхадаў на міжнародны ўзровень і займаецца састарэлымі праблемамі”, – пашырае думку калегі Вольга Давыдзік, каардынатарка даследчай лабараторыі “Беларускай філасофскай прасторы”. Актуальныя праблемы філасофіі і грамадства, такім чынам, застаюцца без увагі, а пытанні наконт палітычнага і культурніцкага стану краіны разглядаюць пераважна даследчыкі з класічным, фармальным падыходам. “Наш праект у гэтых умовах – альтэрнатыва акадэмічнаму падыходу да філасофіі, распаўсюджанаму ў Беларусі”, – лічыць каардынатарка.

“Філасофская прастора ў Беларусі яшчэ толькі афармляецца. Што датычыць філасофскай камунікацыі, то гэты феномен у нашай краіне амаль адсутнічае”, – выказвае кропку гледжання наконт стану айчыннай філасофіі аспірант-філосаф з БДУ, удзельнік праекту Аляксандр Краўчанка.

Разам з тым ён упэўнены: твар у беларускай філасофіі будзе. “Гэта вельмі важная акалічнасць, звязаная з праблемай ХХІ стагоддзя – праблемай ідэнтычнасці”, – падкрэслівае ён. На жарт: “Выходзіць, у айчыннай філасофіі пакуль ёсць толькі цела?” – Аляксандр таямніча зазначае: “Наконт тэрміну “беларуская філасофія” прамаўчу…” Але затым, пэўна вырашыўшы, што маўчаць досыць, прызнае: “Айчынная філасофія існуе, бо ёсць філасофскія кнігі. Каб атрымаць свой твар, ёй не хапае элементарнай адукацыі і рацыянальнай арганізацыі”.

Як можна пераблытаць філасофскі сайт з інтэрнэт-крамай

Галоўная хіба “Беларускай філасофскай прасторы” ў падабенстве назвы сайта prastora.org з назвай інтэрнэт-крамы prastora.by, мяркуе лінгвіст, перакладчык і маркетолаг у душы Таццяна Тулуш. “З кропкі гледжання маркетынгу, кожны прадукт акрамя характарыстыкаў мае назву. І калі гэта інтэрнэт-прадукт, то ў яго мусіць быць адметны інтэрнэт-адрас, каб людзі, ідучы ў краму, не траплялі да філосафаў – і наадварот”. Зрэшты, Таццяна не выключае, што невялікая блытаніна толькі паспрыяе росту мэтавай аўдыторыі праекту.

“Піяр, самаўпэўненасць і цярпенне”, – агучвае формулу поспеху для сайтаў, заснаваных на энтузіязме, вядомая літаратарка і перакладчык Вольга Гапеева. Трэба больш выходзіць у народ, а менавіта да сваёй мэтавай групы – студэнтаў гуманітарных дысцыплінаў – і ўсё атрымаецца, лічыць яна.

Будучыня праекту залежыць ад таго, якія людзі будуць уключацца ў працу

“У нас было дастаткова шмат спробаў кансалідаваць і актывізаваць філасофскую думку, але ўсё спыняецца на індывідуальнай актыўнасці асобных людзей”, – так бачыць асноўную праблему беларускіх інтэлектуальных праектаў Зміцер Майбарада, скептык, філосаф, патэнцыйны ўдзельнік “Беларускай філасофскай прасторы”. Разам з тым, у сітуацыі некаторага зацішша на філасофскім інтэрнэт-фронце з’яўленне “прасторнага” сайту бачыцца яму асабліва выгадным.

Да таго ж, праект мае здатны козыр у рукаве – сувязь з філасофскім факультэтам БДУ, які можа падмацоўваць яго новымі кадрамі. “Фактычна, гэта нешта кшталту навуковай школы новага тыпу, дзякуючы якой “Беларуская філасофская прастора” можа праіснаваць даўжэй за астатнія праекты. Але ўсё залежыць ад таго, якія людзі будуць уключацца ў працу”, – прагназуе філосаф.

Прэзентацыя інтэрнэт-рэсурсу “Беларуская філасофская прастора” ў галерэі “Ў”

Аўтар: Дар’я Гарошка

Арыгінал: http://n-europe.eu/article/2010/06/16/belaruskiya_filosafy_u_poshukakh_prastory

Вы можаце сачыць за каментарамі да гэтага запісу праз RSS 2.0 feed. Вы можаце пакінуць каментар, альбо trackback з вашага ўласнага сайта.

One Response to “Прастора ў Медыя: “Беларускія філосафы ў пошуках прасторы””

  1. Алесь:

    Цікавы праэкт.

 

Пакінце каментар