Перасоўная галерэя “Беларусь на старажытных геаграфічных мапах” распачынае працу ў Лідзе 4/05

4 мая 2019 г. а 16.00 у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі па адрасе вул. Перамогі 37а адбудзецца адкрыццё тэматычнай выставы “Беларусь на старажытных геаграфічных мапах”.

Старажытныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя артэфакты і валодаюць магічнай сілай. Гэта сваеасаблівыя парталы ў часе, візуальная машына мінулага, якая дазваляе нам вандраваць па розных часах і прасторах, гісторыях, мовах і культурах – і праз гэта шукаць, разумець, суадносіць і канструяваць сябе ў новых кантэкстах і межах. Халсціны мапаў пагружаюць нас у свет вобразаў, ментальную, духоўна-эмацыйную прастору, у глыбіні нашага падсвядомага – туды, дзе нараджаецца чалавечае «Я» і ягоная культура.

У адкрыцці прымаюць удзел: укладальнік і аўтар ідэі – дырэктар выдавецтва “Эканомпрэс” Эдуард Куфцерын, гісторык, старэйшы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН РБ Алег Дзярновіч, доктарка сакральнай тэалогіі, рэлігіязнаўца і культуролаг Ірына Дубянецкая. Таксама да праграмы далучыцца пісьменнік, краязнавец і гісторык Леанід Лаўрэш з кароткай прэзентацыяй “Ліда на старажытных мапах”.

Госці выставы змогуць пачуць на канкрэтных прыкладах, якія цікавыя звесткі можна атрымаць, чытаючы старажытныя карты вачыма спецыялістаў у гістарычнай ведзе, біблеістыцы, культуралогіі, візуальнай антрапалогіі. Ці маюць старажытныя карты гістарычную дакладнасць альбо з’яўляюцца прадуктамі выабражэння іх стваральнікаў? Ці ўплывае на дзейнасць картографа сацыяльна-палітычная сітуацыя яго часу і як гэта ўплывае на будучыню? Як чытаюцца сімвалы, зашыфраваныя ў выявах на мапах, што яны сведчаць пра наша мінулае і сучаснасць? І шмат што іншае. Пасля выступаў спецыялістаў наведвальнікаў чакае агульнае абмеркаванне з магчымасцю задаць пытанні выступоўцам (вядучы – філосаф Павел Баркоўскі Pavel Barkouski).

Геаграфічныя мапы раздрукаваны з арыгінальных копій з дапамогай лічбавага друку і з захаваннем усіх маштабаў на паперы, якая імітуе фактуру старадаўніх мап. Усе мапы маюць навуковую атрыбуцыю і экспануюцца разам. Укладальнік – Эдуард Куфцерын, навуковы кансультант – кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН РБ Алег Дзярновіч.

Выстава “Беларусь на старажытных геаграфічных мапах” упершыню выстаўлялася 5-16 красавіка 2019 г. у НЦСМ у г. Мінску ў межах Фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”

Вы можаце сачыць за каментарамі да гэтага запісу праз RSS 2.0 feed. Вы можаце пакінуць каментар, альбо trackback з вашага ўласнага сайта.

 

Пакінце каментар