Паседжанне 8/05 “Мова і Ўлада”

0000cg6y8 мая (суб.) а 16.00 у аўд. 626 па адрасе: вул. Кальварыйская, 9 адбудзецца чарговае паседжанне Беларускай філасофскай прасторы.

Са спавяшчэннем на тэму “Мова і ўлада: Гісторыя канструявання беларускай літаратурнай мовы з пункту гледжання інтэлектуальнай гісторыі” выступіць Іван Новік.

Спавяшчэнне будзе прысвечана філасофскаму разгляду гісторыі развою беларускага лінгвістычнага дыскурсу, у тым ліку і правапісным спрэчкам. Наколькі філасофскі пункт гледжання тут магчымы і правамоцны застаецца  адкрытым пытаннем – але ж відавочным нам здаецца тое, што філасофія пэўным чынам мае дачыненне да Ўсяго, і ў той жа час для яе жыццёвасці патрэбна пэўная каліброўка адносна яе “тут і цяпер”, ці – культурнай сітуацыі ў якой яна знаходзіць сябе. А тое, што каля-моўныя, каля-лінгвістычныя спрэчкі складаюць ладную частку відарысаў сучаснага беларускага культурнага ландшафту здаецца навочным. Шматлікія неразвязаныя пытанні, якія з’яўляюцца кропкамі для цьмеючых і выбухаючых раз-пораз у публічную прастору канфліктаў, звязаныя з існаваннем двух (і нават болей) беларускіх правапісаў; існаваннем альтэрнатыўнага варыянту графікі – лацінкі – які мае свае гістарычныя прэтэндэнты і пэўную частку заўзятых аматараў; білінгвізмам і дыглосіяй ўласцівых для беларускай культуры як на сучасным этапе яе існавання, так і яе гісторыі і г.д. – усё гэта пэўным чынам разглядаецца беларускай лінгвістыкай, але ў той жа час вялікая частка гэтых праблемаў адпрэчваецца дзеля навуковай аб’етыўнасці і выштурхоўваецца па-за яе межы як экстралінгвістычная тэматыка. Але менавіта гэтая экстралінгвістычнае атачэнне і прадвызначае існаванне лінгвістычнага дыскурсу ў беларускім соцыюме – тут, па сутнасці, мы можам назіраць тую класічную канстэляцыю веды і ўлады, якая апынулася такой прыцягальнай тэмай для філасофіі дваццатага стагоддзя. Таму мы лічым, што праблемы бытавання беларускай мовы могуць стацца лініямі філасафавання, а ня толькі нагодамі для зацятых і бязглуздых спрэчак. Апроч таго мы лічым, што гісторыя канструявання беларускай мовы і тых навуковых і каля-навуковых спрэчак, што яе атачалі пры правільных метадалагічным падыходзе могуць быць разгледжаны як добры фактаграфічны матэрыял для тых даследаванняў беларускага нацыяналізму, якія апанавалі сучасную беларускую гуманітарыстыку. Тое што беларускі нацыянальны дыскурс разгортваўся адносна моўнага поля і ўнутры яго з’яўляецца добра вядомым – але адсюль можна зрабіць выснову, што гісторыя беларускай літаратурнай мовы ёсць ня толькі унутраналінгвістычнае пытанне, але і непасрэдна закранае ўсіх зацікаўленых у даследаванні беларускага нацыяналізму, і патрабуе транс-дысцыплінарнага, у тым ліку і філасофскага разгляду.
  
У спавяшчэнні будуць разгледжанны пытанні бальшавіцкай моўнай палітыкі (асабліва ў 20-30, найбольш спрэчныя і інтрыгуючыя гады) і значэння правапісных спрэчках ў гісторыі нацыяў Усходняй Еўропы, будуць разгледжаны дасягненні сучаснай сацыялінгвістыкі з пункту гледжання іх магчымага дастасавання да беларускай моўнай сітуацыі і будзе прэзентаваны аўтарскі канцэптуальна-метадалагічны падыход да развязання азначаных праблемаў.
 
Пасля спавяшчэння мяркуецца агульнае абмеркаванне ўзнятых пытанняў, што да дачыненняй дзяржаўнай палітыкі да галіны мовы.
Запрашаюцца ўсе хто, мае цікавасць да тэмы! Уваход вольны.

Вы можаце сачыць за каментарамі да гэтага запісу праз RSS 2.0 feed. Вы можаце пакінуць каментар, альбо trackback з вашага ўласнага сайта.

 

Пакінце каментар