Нарысы пра сустрэчу-дыскусію «Галерэі Б.»

У аўторак 23 сакавіка а 19.00 у Кнігарні «Ў» адбылася філязафічна-літаратурная імпрэза-дыскусія «Галерэі Б.»

Праграма (водле плану):

1. Ігар Бабкоў. На ўскрайку сусьветнага комікса. Трэці маніфэст.

2. Беларуская літаратурная прастора: перагляды

Працяг неадбыўшайся дыскусіі: цэнтар і маргінальнае ў літаратуры.

Удзельнікі: Ганна Бутырчык, Марына Казлоўская, Валянцін Акудовіч, Максім Жбанкоў, Галіна Дубянецкая, Ігар Бабкоў, Наталка Харытанюк, Павал Касьцюкевіч і Анатоль Івашчанка ды іншыя.

3. Уважлівыя чытаньні: Вольга Гапеева, Марыйка Мартысевіч

Суб’ектыўныя нарысы.

Самое мерапрыемства пачыналася святочна, як мо і карцела ягоным завадатарам, з крохкіх і пранізлівых гукаў старажытнай кітайскай мэлёдыі, што міжволі спрычыняла медытатыўны настрой калі-хаця і не ва ўсіх прысутных, дык беспасярэдне ў першага выступоўцы. Ім стаўся арганізатар сустрэчы, вядомы літаратар і філёзаф Ігар Бабкоў. Нагодай для сустрэчы водле ягоных словаў сталася імкненне аднавіць колішнія літаратурна-інтэлектуальныя сходкі пад вядомай з старадаўніх 90-х шыльдай «Галерэі Б.», а таксама напісанне аўтарам маніфэсту, які мусіў паўстаць, бо «ягоная назва ўжо прыдумалася», а навакольныя акалічнасці нібы самі лямантуюць на іхнае эсэістычнае абагульненне. Гэткім разам сустрэча распачалася ўрачыстым праслухоўваннем трэцяга маніфэсту «На ўскрайку сусьветнага комікса». (Трэцім ён стаўся адмыслова таму, што яму папярэднічалі другі і першы маніфэсты – першы, які бадай за дзедам швэдам дэкляраваў вольніцу мыслення і неабмежаванасць абшару для інтэлектуальных зрухаў, ды другі, што абвяшчаў наступ Вандэі на ранейшыя інтэлектуальныя заваёвы – абодва спачыўшыя на старонках расцярушаных у прасторы ды часе «Фрагмэнтаў»). Сам маніфэст чытаўся знарок нядоўга і водле аўтарскай задумцы меў хутчэй эстэтычны запал, хаця бальшыня прачытала яго збольшага канцэптуальна і мела праз тое, шмат пытанняў ды пярэчанняў. Хаця часткова тэкст самога маніфэсту для мяне застаўся, на жаль, бязгучным з прычыны асабістай адсутнасці, сталыя аўтарскія зацемы апасля далі агульнае ўражанне наконт асноўнага топасу гаворкі. Ігар Бабкоў правакатыўна вызначыў наш час як эпоху сусветнага коміксу, які страшэнна скажае культурныя праявы нашага жыцця, прынамсі ягонае літаратурнае вымярэнне, прадукуе сваех гэрояў новага часу (дакладней іхныя сымбалічныя выявы), стварае новыя нормы культурнага спажывання – карацей, стаецца глябальнай праявай «грамадства спэктакля», пра якое гэтак трапна пісаў Гі Дэбор. Зусім натуральнай падавалася выснова, што аўтар «Адама Клакоцкага» і падобныя да яго асобы не знаходзяць свайго мейсца на ўлонні падобнага коміксу культуры і маюць наладжваць пэўны супраціў, каб канчаткова не ўмерці. Тэма супраціву ды бунту, дарэчы, досыць традыцыйная і рэкурсыўная, што да беларускай культуры і грамадства, хаця за працягам трынаццаці год ад яе распачатку на старонках тых жа «Фрагмэнтаў» навідавок страціўшая юнацкі імпэт і гарэзлівасць.

Другім пунктам праграмы мелася адбыцца пэўная дыскусія, якую філёзаф і культурны крытык Максім Жбанкоў трапна пераскіраваў у бок абмеркавання сказанага ў Маніфэсце. Найперш аўтару задалі пытанне «ў брыво» – калі і напраўду культура ператвараецца ў комікс, ці не варта, каб тая ж беларуская літаратура даўно ўжо сталася коміксам – можа так яна стане яшчэ і чытанай? Наогул, калі комікс для нас – гэта спрошчаны і папулярны фармат прэзэнтацыі культуры, а не зусім пэўны культурны прадукт, дык усталяванне падобнага «коміксу культуры» пэўна можа адбіцца на яе развоі? Іншыя контр-маніфэставыя аргумэнты зыходзілі з пазыцыі мультыкультуральнасці (у прыватнасці з боку Максіма Жбанкова) – што з таго, што комікс ліцуе творцаў ды іхную публіку на ўласны почат, гэта з’ява адвечная – інтэлектуальнаму тэксту ўсё адно застанецца адпаведны чытач? Бабкоў жа адбіваўся ад гурта, паяднанага прагай «біць аўтара», класічнай тарчой «я й не чакаў, што мяне зразумеюць» і шэрагам зацемаў, удакладненняў і маляўнічых алегорый, перадусім праводзіўшы тую думку, што літаратары, якія пайшлі на «самапрафанацыю» (паводле вызначэння В. Акудовіча, «якога няма» ды не было і за гэтым разам) зараз спажываюць плён сваіх дзеяў – прафанізаваную культуру, дзе яны існуюць адно як героі комікса са стэрэатыпам паводзінаў, думак і выкліканых пачуццяў – ці тое Акудовіч, якога па вызначэнню «няма» – гэтаксама і для ўважлівага чытання, ці тое Хадановіч, «які ёсць бадай паўсюль», але выключна ў зацвержанай эпатажнай манеры без дазволу на выйсце з вобраза. Паміж справай Ігар Бабкоў нават спарадзіў невялічкую культуралагічную спробу класіфікацыі сучбелліта, дзе яскравымі антыподамі ставаліся «літаратура-кабарэ», што абслугоўвае глабальны комікс, і былая савецкая (ужо класічная) літаратура, якая парадаксальным чынам ладзіць зараз пэўны супраціў таму ж коміксу. Між справай «усюдыісты» Андрэй Хадановіч трапіў у абодвы спісы, што падкрэслівае амбівалентнасць найноўшай культурніцкай сітуацыі. Іншая паважаная госця сустрэчы, паэтка Марыйка Мартысевіч спрабавала ўхіліцца ад аднабаковага атаесамлення сваіх творчых высілкаў з культурай коміксу ды кабарэ, але зрэшты рабіла тое досыць іранічна і саркастычна «спажывала» запрапанаваныя эпітэты ў сваех пытаннях ды прамовах. Гэтак і не здолеўшы наважыць абмеркаванне ў пажаданае яму рэчышча і мусіўшы адказваць і яшчэ кроць адказваць на пытанні, Ігар Бабкоў зрэшты здолеў паціснуць руку Максіму Жбанкову за тое, што той трапна зфармуляваў галоўную аўтарскую тэзу-пытанне – як можа суіснаваць гіерархізаваная беларуская літаратура ды глабальны комікс?.. Сцвердзіць бо, што комікс канчаткова перамог, нам не выпадае дый гэта не дае шанцаў на які-любя супраціў. Сцвердзіць жа думку, што замала засталося людзёў, хто можа думаць і чытаць «сур’ёзныя рэчы» – адвечная банальнасць. Кола замыкаецца, а мы зрэшты жывем. Якім кірункам мусіць рушыць беларуская літаратура і ці павінны ў ёй заставацца (альбо нат дамінаваць) інтэлектуальны складнік? – пытанні разамкнёныя і за гэтым разам адказу не атрымаўшыя.

Апошняя частка сустрэчы мела на ўвазе пэўны інтэлектуальна-літаратурны эксперымент – чытання вершаў і аўтарскай іхнай інтэрпрэтацыі (дакладней наважання шляху да гэткай інтэрпрэтацыі). Першая паэтка, Вольга Гапеева чытала свае вершы і іранізавала над «дэпрэсіўным характарам» сваёй творчасці, даўшы падставы для вольнай гульні асацыяцыяў з боку публікі і распавядаючы маленькія сакрэты ўзнікнення сюжэтаў і іхнай аўтарскай рэцэпцыі – праўда што без навязання правільнасці якой-любя (нат сваёй) інтэпрэтацыі. Гэтыя невялічкія разважанні, нібы кантрапункты, удала ўваходзілі ў змест чытання і дадавалі вершам пэўнае «раманічнае вымярэнне» (насуперак традыцыі іх несупыннага спажывання). Другі аўтар, згаданая вышэй паэтка Марыйка Мартысевіч паставілася да справы надзвычай сур’ёзна і напэўна ў процітэзу «нясур’ёзнасці» ўласных твораў паказала істотную ідэйную падставу для напісання іранічнай паэмы пра сястру Зосю, дзе пераблыталіся біблейскія матывы кнігі Апакаліпсу, жыцця прарока Іёны, кананічныя ўзоры хрысціянскіх «жыцій», падзеі грамадскага рэзанансу – выпадак з найноўшымі «пермскімі пустэльнікамі», сярод якіх было шмат беларусаў. На жаль часу бракавала, каб даседзіць да заканчэння чытанняў і самога мерапрыемства. Відочна, аднак, што эксперымент даў пэўны плён – людзі пачалі трохі задумвацца там, дзе прызвычаіліся заставацца ў позе наўпростага эстэтычнага замілавання. Ці прынясе гэта ім карысць невядома, але мейсца для дзейнасці інтэлектуальнай пляцоўцы «Галерэі Б.» – гэта дакладна гарантуе, тым самым няхай часткова абвяргаючы высновы маніфэсту пра коміксавае наканаванне сучаснай культуры.

Галоўнае, заставалася шмат вольнага мейсца і для літаратуры, і для філязофіі, чаго нам часам вельмі моцна бракуе…

Павал Баркоўскі

Вы можаце сачыць за каментарамі да гэтага запісу праз RSS 2.0 feed. Вы можаце пакінуць каментар, альбо trackback з вашага ўласнага сайта.

4 Responses to “Нарысы пра сустрэчу-дыскусію «Галерэі Б.»”

  1. irina solomatina:

    Павел, спасибо за текст! А у вас хорошая память. Я так и не смогла
    вспомнить, что же такое сформулировал Жбанков, после чего они с Бабковым
    эмоционально бросились пожимать друг другу руки…:)

    Но вот по поводу описания 3 части, на мой взгляд, тут не все так просто как
    кажется:)

    Вы пишете о стихах Гапеевой: «Гэтыя невялічкія разважанні, нібы
    кантрапункты, удала ўваходзілі ў змест чытання і дадавалі вершам пэўнае
    “раманічнае вымярэнне” (насуперак традыцыі іх несупыннага спажывання)».

    Раманічны. http://slounik.org/146244.html
    2. Звязаны з любоўнымі адносінамі.
    Все верно, но ее П’еса “The Portrait of an Artist as a Yong Bitch» все же не
    столько о любовных отношениях/чувствах, сколько о иронии над этими
    отношениями с женской позиции. У Марыйки тоже «іранічная» паэма пра сястру
    Зосю. Этих двух паэтак действительно объединяет ирония – но она качественно
    разная.

    У Гапеевой постоянная тупая боль, физические порезы и кровоточащие раны,
    которые и помогают преодолеть «не правильный» социальный порядок – это
    (западный) феминистский дискурс. Славой Жижек описывал феномен «катеров»,
    главным образом женщин наносящих себе повреждения каким-либо способом, как
    отчаянную стратегию возвращения к реальности тела. Порезы – это радикальная
    попытка найти свое эго в телесной реальности, в противоположность
    невыносимому страху восприятия самого себя как не существующего. Это не
    суицид, это радикальная попытка найти твердую опору в реальности (Жижик С.
    Добро пожаловать в пустыню Реальности. С16-17).

    У Марыйки “эссенциалистский феминизм” (по меткому замечанию Лены Гаповой
    сродни “материнскому феминизму”). Она описывает «драму материнства» которая
    разыгрывается для мужчин и в их интересах, достаточно искренне. Она
    легитимирует если не доминирующую, то значимую женскую позицию на основании
    роли женщины в биологическом воспроизводстве. “Матриархатный феминизм”
    безвредный:) Поэтому этот тип иронии позволительно легитимен со стороны как
    статусных мужчин (этот тип им не угрожает) так и многочисленных поклонников.
    Чего нельзя сказать о другом типе иронии, который озвучивает Оля Гапеева,
    может быть, поэтому он и не распознается быстро и не так популярен, но он
    есть и в Беларуси.

    recovered

  2. Dzmitry Karenka:

    складаецца ўражанне, што беларускія інтэлектуалы/літаратары больш за ўсё баяцца скласці нейкі канон. Як толькі з’яўляецца нехта заўважны, яго/яе адразу запісваюць у катэгорыю “брэндаў”, “спажывання”, “комікса”, “супавы набор”, альбо спрабуюць прымірыць у межах “разнастайнай літаратуры”. Логіка заганная, бо пасля сустрэчы ў кнігарні, можна смела казаць, што і В. Гапеева ўжо патрапіла ў гэты набор, а М. Мартысевіч хіба і не выпадала з яго. Гэтак жа як і сп-р І. Бабкоў і М. Жбанкоў. Фактычна ўсе знаходзяцца ў гэтым наборы, але робяць выгляд, што нехта ў яго яшчэ не ўвайшоў ці прынцыпова не здольны ўвайсці. Падзяленне на сур’езную/”коміксавую” літаратуру – на сённяшні дзень састарэлае. Ну, скажыце, хіба Пушкін быў сур’езным літаратарам, пакуль з яго не зрабілі “нашае ўсё”?

    Логікі разнастайнасці ў літаратуры (і шырэй – культуры), канешне, лепш за ідэалогію аднастайнасці і кананізаціі. Але ўзнікае пытанне, ці не згубіцца ў такім выпадку сам крытэр, што такое “сапраўдная літаратура”, а што ўсё ж такі з’яўляецца гульней у літаратуру. Сапраўды, такая небяспека існуе і таму ўзнікае спакуса ўтрымліваць крытэр літаратурнасці ў межах “сур’езнай літаратуры”. Зноў жа, спрэчка зусім не новая. Пытанне часткова вырашаецца існаваннем незалежнай экспертызы, крытыкі, якія ў адпаведнасці са сваімі крытэрамі вызначыць якасць твора. У беларускім выпадку, калі з аднаго боку, ёсць праблема (афіцыйнага і ідэалагізаванага) інстытуту крытыкі (напр. саюз пісьменнікаў), а з іншага – адчуваецца ідэалогія вольнага рынку (”цывілізацыя комікса”), хоць дзіўным чынам на захадзе праз гэтую сістэму праходзяць і выходзяць да публікі даволі якасныя творы, узнікае жаданне даць адпор абодвум бакам, утрымліваючы “светач літаратуры” у вузкім коле людзей. Ці не нагадвае гэтая сітуацыю іншыя сферы беларускага грамадскага жыцця?

    recovered

  3. Dzmitry Karenka:

    Некалькі спасылак на відэа з гэтай сустрэчы –

    1) http://www.youtube.com/watch?v=TYhXahl65N4 – І. Бабкоў пра культуру спажывання і цывілізацыю комікса.

    2) http://www.youtube.com/watch?v=w-iijcgfNT8 – М. Жбанкоў і М. Мартысевіч пра неабходнасць разнастайнай літаратуры

    3) http://www.youtube.com/watch?v=nhdHe_spIW8 – каментар П. Баркоўскага (пра “народную” літаратуру і яе прамоцыю сярод “популіса”).

    recovered

  4. pavel barkouski:

    Наконт слова “раманічны” – я яго ўжыў з адсыланнем да панятку “раман”,
    пра які сама Вольга Гапеева згадвала як прыклад таго, што бракуе вершу
    - скончанасці, паўзы перад новым чытаннем, перапынку, спынення над
    сэнсам. Калі Вы заўважалі я наўмысна ўхіліўся ад якагось разбору іх
    літаратурных працаў, адно прыгадаў канцэптуальныя моманты
    эксперыменту, бо зусім не лічу сябе мастацкім крытыкам.

 

Пакінце каментар