Філасофскі фэст-2017 на ФФСН

2017-12-01 13.55.37

Дарога ў тысячу лі пачынаецца з кароткага кроку, – казалі старажытныя кітайцы, – і адужыць яе той, – дададзім мы, – хто пачне рабіць гэтыя свае першыя стромкія крокі… Гэта выслоўе аднолькава тычыцца шмат якіх працэсаў, датычыць яно і той традыцыі, што спакваля нараджаецца на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

У мінулым годзе традыцыя была запачаткаваная правядзеннем філасофскага фэсту, прысвечанага 2400-годдзю з дня нараджэння Арыстотэля. У гэтым годзе яна працягнулася адзначэннем 2500-годдзя па смерці філосафа Геракліта, а як высветлілася ў працэсе і Будды Шак’ямуні таксама. Сёлета традыцыя значна зрушыла наперад, таму што падрыхтоўкай і правядзеннем фэсту філасофіі на факультэце займаліся пераважна самі студэнты пры мінімальнай арганізацыйнай і каардынацыйнай падтрымцы кафедры. І ў гэтым годзе мы нашмат бліжэй падышлі да канцэпцыі сапраўднага фестывалю філасофскага мыслення і ладу жыцця.

Па-першае, праграма атрымалася вельмі разнастайнай: тут былі і тэатральныя прэм’еры, і навукова-папулярныя выступы, і дэманстрацыі кіно, і адукацыйна-забаўляльная квест-гульня для двух камандаў, і нарэшце сапраўдная студэнцкая акадэмічная канферэнцыя, ці, дакладней, круглы стол.

Па-другое, арганізатары паставіліся да справы з душой і вельмі крэатыўна падышлі як да формы, гэтак і да зместу ўсяго, што яны рабілі. Гэта тычылася і афармлення атрыбутыкі фэста – постэраў, падарункаў удзельнікам, аздабленню сцэны і конкурсаў; і таксама пільнай увагі да зместу сваіх выступаў. Кароткая, але вельмі насычаная сэнсамі філасофская вершаваная драма “Спрэчка ў доме Геракліта”. Разгалінаваная гульня-квест, якая складалася з чатырох блокаў, фармальна падзеленых на перыяды – Антычнасць, Сярэднявечча-Адраджэнне-Новы час, Мадэрны час, Сучаснасць. Студэнты рабілі цікавыя інфармацыйныя накіды ў тыя спосабы рэцэпцыі філасофіі Геракліта, што характэрныя для кожнага перыяду, і праводзілі тэматычныя гульні, забаўляльныя і пазнавальныя адначасова, якія трымалі каманды-суперніцы ў драйве і гульнёвым напружанні да канца. Нарэшце перамагла каманда студэнтаў-філосафаў, узяўшы рэванш за мінулы год, але каманда псіхолагаў выступіла не на шмат горш, адстаўшы ўсяго на лічаныя балы. Надзвычай моцны патас ўсяму мерапрыемству надалі вершы пра Агонь маладога і здольнага паэта, навучэнца інстытута журналістыкі, які часам выступае пад псэўданімам Перасмешнік. Прынамсі гэта былі першыя вершы, у якіх я пачуў ужыванне вобразу пост-праўды, да таго ж сэнсоўнае) А аўтарская манера дэкламацыі не пакідала бесстароннім анікога.

Па-трэцяе, студэнты сабе выявілі як добрыя арганізатары, якія змаглі з мінімумам рэсурсаў зладзіць і падрыхтаваць шматэтапнае мерапрыемства і правесці яго годным чынам. Гэта тычылася і такіх дробязяў, як арганізацыя кава-паўзаў ці вырабу атрыбутыкі – значкі, тэматычныя шакаладкі і г.д., так і наогул каардынацыі сваіх дзеянняў і прыцягнення дапамогі з боку. Таму для іх, спадзяюся, тое было добрай школай рэальнага самакіравання. Магчымасці не чакаць, калі начальства ці выкладчыкі нешта зробіць для іх ці наладзяць ва ўніверсітэце, але зладзіць уласную ініцыятыву і падрыхтаваць яе на належным узроўні, проста паставіўшы прафесуру перад фактам. Толькі так і можа адраджацца сапраўднае інтэлектуальнае жыццё, не з пад палкі ці прымусу зверху.

На ганаровым адкрыцці прысутнічалі натуральна і прадстаўнікі адміністрацыі – дэкан Вадзім Гігін і ягоны намеснік, загадчык кафедры філасофіі культуры – Анатоль Лягчылін. Апошні перадусім рабіў упор на неабходнасці паўставання самой традыцыі на філасофскім факультэце  і на істотнасці таго, што гэта мусіць быць агульным клопатам – студэнтаў можа нават больш, чым выкладчыкаў і адміністратараў. Дэкан у сваю чаргу прыгадаў філасофскую сітуацыю эпохі, калі жыў і працаваў Геракліт, і падвёў прысутных да думкі, што сапраўдная філасофія буяе не там, дзе найбольш спрыяльныя ўмовы для жыцця і дабрабыт, а ў часы крызісу і пералому, лёсавызначальных выпрабаванняў. Што дае зразумець зрэшты аснаванні нашай нацыянальнай ідэалогіі, якая відавочна працуе на тое, каб спарадзіць найбольш грунтоўную філасофію найноўшай эпохі менавіта ў гэтай краіне. Наогул вусцішна, што прысутнасць акадэмікаў і адміністрацыі на самім фэсце была больш урачыстая, чым вядучая, і таму апрача навукова-папулярнай прэзентацыі Паўла Баркоўскага, што да Геракліта няяўнага і загадкавага, больш не замінала мерапрыемству быць выключна студэнцкім па духу і форме. Дарэчы нават фільм Патрыка Дэвала “Геракліт цьмяны” (1968) выглядаў як такая студэнцкая спроба рэжысёра-пачаткоўца паставіць перад сабой пытанне-выклік, як магчыма экранізаваць біяграфічную драму-філасофскі расповед, дзе б галоўнымі персанажамі былі не столькі героі, колькі думкі філосафа…

Асобнага слова заслугоўвае круглы стол “Вобраз Геракліта ў гісторыі філасофіі”. Яе ўдзельнікамі былі выключна студэнты і магістранты факультэта, каардынатарам таксама быў студэнт трэцяга курса. Пры гэтым узровень выступаў і галоўнае дыскусіі, дзякуючы як самім выступоўцам, так і гасцям быў надзвычай высокім, перасягаючы ўзровень шараговых канферэнцыяў такога кшталту. Нават першакурснікі, нягледзячы на першы досвед для іх выступаў такога ўзроўня, трымалі вельмі якасную планку, выступы ж бальшыні ўдзельнікаў спараджалі актыўную дыскусію, дзе выкладчыкі і студэнты камунікавалі на роўні і адчувалася, што ўсіх на самой справе, а не дзеля формы цікавіць і турбуе адказваць на тыя філасафічныя пытанні, што абмяркоўваліся раз за разам. А гэта і супрацьстаянне анталогіі быцця і станаўлення, і праблема адзінага і многага, і апорыі часавасці, і парадоксы множнасці, і неверагодныя перагуканні, якія рабілі Геракліта часам рацыяналістам, часам рамантыкам, а часам і постмадэрністам. Калі агулам, настолькі цікавых дыскусіяў я не чуў ужо даўно, нават на “дарослых” канферэнцыях, як дарэчы па іх словах і іншыя выкладчыкі факультэта, якія далучыліся ў якасці гледачоў і назіральнікаў.

Канешне нельга абысціся без лыжкі дзёгцю, якая вызначаецца перадусім тым, наколькі пакуль дамінуе нізкая цікавасць да ўсяго філасофскага як у студэнтаў, так і ў выкладчыкаў, якіх нават крэатыўная візуальная рэклама не ў стане зацягнуць на падобнага кшталту мерапрыемствы. Традыцыя кансервацыі і самазамыкання, што стварае пераважную атмасферу нашых дзяржаўных універсітэтаў, вядзе да адчування марнасці і непатрэбнасці кожнай дадатковай актыўнасці і незалежнага мыслення. Таму напэўна з такой вялікай доляй інэрцыі, грувасткасці на пад’ём і абыякавасці прадстаўнікоў іншых спецыяльнасцяў даводзіцца праводзіць мерапрыемствы падобныя нашаму на факультэце. Магчыма і нам таксама трэба лепш падаваць філасофію іншым, паказваць яе датычнасць не толькі да абстрактных тэм і разважанняў, але і да спраў штодзённага жыцця: прыкладам, ілюструючы тэму вайны і змагання ў Геракліта на матэрыяле той жа “Вайны прастолаў”. Гэта магчымы адказ, які не адмяняе раней сказанага пра агульную інэртнасць бальшыні. Але вада точыць камень. І калі філасофскі фестываль стане нарэшце сталай традыцыяй на факультэце і ўжо не трэба будзе шукаць хоць якія грошы на яго мінімальную арганізацыю, на вымаганне вольнага дню ад заняткаў для студэнтаў і іншыя падобныя рэчы, калі зрэшты падобныя мерапрыемствы стануць нормай, тады магчыма пачне змяняцца і масавая псіхалогія, якая пакуль адварочвае людзей ад цікавасці да філасофіі. А нашая краіна у сваю чаргу паступова пачне не фармальна, але практычна прадукаваць уласную самаўзнаўляльную інтэлектуальную традыцыю.

Фота з круглага стала.

2017-12-01 13.55.51

2017-12-01 13.55.28

Вы можаце сачыць за каментарамі да гэтага запісу праз RSS 2.0 feed. Вы можаце пакінуць каментар, альбо trackback з вашага ўласнага сайта.

 

Пакінце каментар