Філасофскае, занадта філасофскае?.. Па слядах аднаго фестывалю

Зрэшты нездарма я веру ў гарызантальныя сувязі ды самаарганізацыю. І магчыма меў рацыю наш зямляк Ігнат Абдзіраловіч, калі лічыў, што будучыня належыць сацыяльнай кааперацыі. Сёлетні Фестываль філасофіі, які адбыўся 21-22 лістапада пад назвай “Эстэтычнае, занадта эстэтычнае” і меў сваім сімвалічным патронам славутага Фрыдрыха Ніцшэ, удала прайшоў у сценах філасофскага факультэта БДУ і рэалізаваўся высілкамі менавіта саміх студэнтаў. Актывістаў факультэцкага студэнцкага навуковага таварыства, іх памочнікаў і валанцёраў.

Пры мінімальнай дапамозе адміністрацыі і куратараў з кафедры філасофіі культуры мерапрыемства было імі арганізавана на даволі высокім узроўні, які відавочна сягаў вышэй за ранейшыя дасягненні. А гэта, на хвілінку, быў ужо чацвёрты такі штогадовы фестываль, сімвалічна прывязаны да Сусветнага дню філасофіі. І калі на першым фестывалі, прысвечаным Арыстотэлю, студэнты былі яшчэ больш назіральнікамі ці простымі ўдзельнікамі, то ўжо на фестывалях у памяць Геракліта, а таксама Ф. Вальтэра і Ж.-Ж. Русо яны перайшлі ў стан актыўных арганізатараў, давёўшы, што не толькі забаўляльныя, але і інтэлектуальныя мерапрыемствы можна праводзіць вельмі паспяхова. Упершыню ў гэтым годзе быў зроблены адкрыты збор заявак на мерапрыемствы з эстэтычным зместам і складнікам, што прывяло на фестываль людзей з іншых спецыяльнасцяў, факультэтаў і інстытуцый, да таго ж не толькі ў якасці ўдзельнікаў, але і арганізатараў асобных імпрэз.

Праграма атрымалася вельмі насычаная, а атрыбутыка і візуальнае афармленне фестывалю адпаведнымі ягонай назве.

Было зроблена ўсё магчымае, каб прыцягнуць хаця лакальную ўвагу да мерапрыемства, дастаткова адзначыць, што ў піяр-акцыі фестывалю ўдзельнічаў сам яго патрон – Фрыдрых Ніцшэ.

І гэта не магло не даць плён. Людзі былі ўвесь час і напэўна гэта быў самы масавы фестываль за ўсе папярэднія гады. Пачалося ўсё з канцэптуальнай аднадзённай выставы мастацкіх прац саміх студэнтаў пад назвай “528/11”. Рэалісты бачылі ў гэтым назву месца правядзення і спасылку на лістападаўскі характар імпрэзы, сімвалісты маглі захапляцца яскравым вобразам “528 лістапада”, а цынікі ды іронікі ўгледзець парафраз сумнавядомага 9/11. Так ці інакш, але атрымалася канцэптуальна.

Да таго ж першым нумарам праграмы, прадмовай да ўсяго фестывалю стаў майстар-клас і інтэрактыў ад сучасных беларускіх мастакоў Руслана Вашкевіча і Аліны Саўчанкі на тэму “Што такое сучаснае канцэптуальнае мастацтва?”. Дзяліліся не толькі філасафічнымі думкамі наконт гэтай плыні творчасці, але ж абмяркоўвалі гэта на канкрэтных прыкладах, разважалі пра свабоду і залежнасць, жыццё і смерць, трансцэндэнтнае і зямное. Толькі малы час імпрэзы не даў магчымасці далей разгарнуцца ажыўленай і зацікаўленай дыскусіі паміж удзельнікамі мерапрыемства і запрошанымі гасцямі.

Фрагмент арт-выказвання. Цырымонія “Другія вароты”. Фота: Сяргей Кажамякін

Потым было ўрачыстае адкрыццё, вітальныя словы, класічная музыка, традыцыйны кітайскі танец з ядвабнымі лентамі і нарэшце зварот да тэмы фестывалю: ці можа сапраўды, каб было “занадта эстэтычна?..” Пра гэта, а таксама пра межы ўспрымання эстэтыкі, пра яе вечныя і актуальныя пытанні і клопаты распавядала вядомая беларуская даследчыца, вучаніца іншага славутага беларускага філосафа, спецыяліста ў эстэтычнай тэорыі – Мікалая Крукоўскага – Іна Налівайка. Імпрэза адбывалася ў медыятыцы факультэта ў атачэнні адмыслова падрыхтаванай выставы кніг, адпаведных назве бягучага фестывалю. Потым, пасля кароткай паўзы, удзельнікі і госці перасунуліся ў хол пятага паверха, дзе каманды студэнтаў розных спецыяльнасцяў вырашалі, хто з іх самы дасціпны, разумны і знаходлівы ў інтэлектуальнай гульні “ЛаврУм”, падрыхтаванай цэнтрам філасофіі, літаратуры і эстэтыкі Інстытута філасофіі акадэміі навук, адкуль прыйшла прадстаўнічая дэлегацыя супрацоўнікаў і аспірантаў на чале з загадчыкам цэнтра прафесарам Валерыям Максімовічам, будучым старшынёй журы. Камандам даводзілася шукаць крэатыўныя адказы разам з вядомымі асобамі мінулага, прыкладам разважаць разам з Сафі Ларэн пра тое, які голас пасуе элегантнасці? Зрэшты выбраць самую лепшую каманду з усіх журы гэтак і не здолела, а таму вырашыла прысуджаць перамогу ў асобных намінацыях, што дазволіла атрымаць узнагароды прадстаўнікам большасці каманд – і студэнтам-біёлагам, і філосафам, і студэнтам спецыяльнасці “сацыяльная работа”, і камандзе “акадэмікаў”.

Разагрэтыя інтэлектуальнымі гульнямі госці фестывалю плаўна перацяклі на чарговае паседжанне кінаклуба “Насарог Вітгенштэйна”, дзе абмяркоўвалася эстэтыка кіно на прыкладзе дзвюх неадназначных па рэакцыях кінастужак “Дом, які збудаваў Джэк” Ларса фон Трыера і “Падзення” (“The Fall”, “Запределье” у рускім паказе) Тарсема Сінгха. Амаль паўтары гадзіны ўдзельнікі кінаклуба абмяркоўвалі эстэтыку і этыку гвалту ў кіно, асаблівасці стылістыкі сучаснай кінамовы і спрэчнасці асобных рэжысёрскіх і сцэнарысцкіх рашэнняў, уздзеянне мастацкага на паўсядзённае.

І бліскучым завяршэннем першага дню фестывалю стаў пераход ад кіно да тэатра. Вельмі атмасферная і змястоўная пастаноўка Тэатра Ценяў, створаная студэнтамі першага курса філасофіі. Сілуэты і цені, прадметы і сімвалы кружыліся пад пранізлівую музыку і напоўненыя сэнсам словы вядомых беларускіх пісьменнікаў і мысляроў. У глядача магло стварыцца ўражанне сапраўднай прэм’еры новага спектаклю на альтэрнатыўнай сцэне, чаго зусім не чакаеш ад студэнтаў-пачаткоўцаў.

Фрагмент спектаклю тэатра ценяў

Пасля такога натхняльнага першага дню маглі быць толькі найлепшыя чаканні працягу. І на шчасце яны не падмануліся. Эстэтычныя чытанні, якімі адчынілася пятнічная праграма фестывалю, былі насычаныя формай і зместам. Разважалі пра песімізм і мастацтва як сродак пераадолення трагічнасці быцця, пра неабходнасць перачытання і небяспеку вульгарызацыі спадчыны Ніцшэ, пра блізкасць эстэтычнага і палітычнага ў Жака Рансьера, пра эстэтычнае захапленне жахам бязмежных прастораў, пра эстэтыку кітайскага традыцыйнага тэатру і рускай паэзіі Срэбранага веку, пра феномен інтэрнет-арту і яго уплыў на сучасную эстэтыку. Было надзвычай цікава і не хацелася завяршаць, што трагічна адбівалася на часавым распарадку імпрэз. Але ўсё што планавалася – адбылося, хай сабе з невялікімі затрымкамі. Госці наступнага семінара разважалі над маніфестам метамадэрністаў і спрабавалі намацаць адказы на пытанні, дзе тыя межы, паміж якімі рухаецца маятнік мастацтваў, што злучае міжсобку мадэрнізм і постмадэрнізм, як знайсці баланс паміж іроніяй і шчырасцю, і закраналі праміж гэтым шмат якія іншыя вострыя тэмы.

Наступны парад прэзентацый новых выданняў па філасофіі, што пабачылі свет у Беларусі ў 2018-19 гг., паказаў, што выходзіць насамрэч нямала тэкстаў – адных кніг манаграфій і даследаванняў без уліку навучальнай літаратуры можна было налічыць з два дзясяткі – ад папулярных разважанняў з нагоды філасофскіх тэм і філасафічных рубаі па матывах твораў Сэнэкі да сур’езных спецыялізаваных распрацовак па новай сацыяльнай тэорыі, крэатыўнай індустрыі, філасофіі дыялогу і рэлігіязнаўству, праблемах матэматыкі і экалогіі і г.д., і т.п. Слушнай выглядала думка намесніка дырэктара Інстытута філасофіі і выкладчыка кафедры філасофіі культуры Андрэя Дудчыка, што зрэшты наспеў час зрабіць сталы семінар, на якім галоўнай тэмай магло б быць абмеркаванне тых новых выданняў, якія адлюстроўваць сучасны стан філасофскіх доследаў у краіне. Пасля беларускіх навінак былі прадстаўленыя выбраныя творы прадстаўнікоў сусветнай філасофіі, якія атрымалі пэўны разгалос у акадэмічных колах. Калі вы ніколі не чулі пра працы прадстаўніка аналітычнай традыцыі Робэрта Брэндана і чаму ён насуперак звычаю англа-амерыканскай філасофіі вырашыў заняцца аналізам спадчыны Гэгеля, калі вы не ведаеце, чаму быў прысвечаны апошні “Чорны” “Логас”, найбольш вядомы рускамоўны філасофскі часопіс, і як гэта ўплывае на наша разуменне сучаснасці, калі вы не даеце рады, хто такі Рэза Негарэстані і чым цікавае яго даследаванне “Intelligence and Spirit” для тых, хто сёння займаецца філасофіяй свядомасці і стварэннем сістэм штучнага інтэлекту, тады гэта прэзентацыя магла быць найбольш пазнавальнай для вас.

Пасля такога інтэлектуальнага напружання госці і ўдзельнікі фестывалю нарэшце змаглі трохі заняцца рэлаксацыяй. Павучыцца майстэрству валяння і зрабіць самастойна густоўны смайлік, прыкладам з тварыкам Фрыдрыха Ніцшэ, слухаючы тым часам пра феномен юродства ў рускай культурнай традыцыі і яго адметнасць у параўнанні з тэмамі шутаўства і валяння дурня.

Прыняць удзел у квэсце-гульні па слядах Ніцшэ і ўзгадаць цікавыя моманты з біяграфіі і творчасці знакамітага немца. Нарэшце прыйсці да фінішу фестывалю і разам з духам імянінніка паласавацца святочным тортам на 175-годдзе нараджэння мысляра.

Вось такім было свята філасофіі ў  гэтым годзе і пра такое свята мы маглі толькі марыць раней. Фестываль расце і шырыцца, павялічваецца колькасна і расце якасна, і гэта дае спадзеў на шыкоўны фестываль і імпрэзы ў наступны, пяты – юбілейны для яго год. Асабіста прыемна было тое, што прынамсі некалькі імпрэзаў фестывалю праводзіліся на беларускай мове, што паказвае сувязь паміж актуальнай філасофіяй ў Беларусі і справай захавання ды развіцця нацыянальнай культуры. Віват філасофіі! Поспехаў арганізатарам! Інтэлектуальнай асалоды гасцям!

Павел Баркоўскі

фатаздымкі арганізатараў фестывалю (с)

Вы можаце сачыць за каментарамі да гэтага запісу праз RSS 2.0 feed. Вы можаце пакінуць каментар, альбо trackback з вашага ўласнага сайта.

 

Пакінце каментар