ФЕСТЫВАЛЬ ФІЛАСОФІІ-2018. Як гэта было?

ФЕСТЫВАЛЬ ФІЛАСОФІІ-2018 “ВЕК ВАЛЬТЭРА І РУСО”

IMG_20181120_144413

Трэці, а значыць ужо традыцыйны, фестываль філасофіі адбыўся 19-20 лістапада на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Адметнасцю гэтага сезона зрабілася тое, што большую частку працы па арганізацыі яго падзей ўзялі на сябе самі студэнты. І праграма нагадвала сапраўдную фестывальную: розныя мерапрыемствы ішлі на розных пляцоўках на працягу двух дзён. Асноўная інтрыга фестывалю круцілася вакол імёнаў двух славутых мысляроў-асветнікаў: Жана Мары Вальтэра і Жан-Жака Русо, 240-год смерці якіх мы адзначаем у гэтым годзе. Але натуральна што кантэкстам усяго мерапрыемства быў сам час Асветніцтва: тыя падзеі думкі і падзеі гістарычныя і культурныя, што зрэшты вызначылі нашу сучаснасць.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў панядзелак пры ўдзеле дэкана факультэта і загадчыкаў філасофскіх кафедр, якія нагадалі прысутным пра значнасць самога мерапрыемства, важнасць узнятай тэмы і гістарычнае значэнне постацяў саміх мысляроў. Трэба таксама нагадаць, што фестываль быў арганізаваны ў звязцы з сусветным днём філасофіі, прызнаным ЮНЭСКА, і традыцыя студэнцкіх фестываляў на факультэце добра падтрымала гэты сусветны трэнд. Пасля распачалася ўласна праграма фестывалю. З вельмі насычанай, як інтэлектуальна, так і эмацыйна, лекцыяй пра жыццё і час Вальтэра і Русо выступіла дацэнт Ірына Ляшчынская, задаўшы тон наступным падзеям. Потым у праграме значыліся гучныя чытанні твораў абодвух мысляроў і спектакль па матывах складаных сяброўска-непрыяцельскіх стасункаў, што звязвалі філосафаў па жыцці. Гасцямі фестывалю былі студэнты розных спецыяльнасцяў і факультэтаў: не толькі філосафы, але і журналісты, і філолагі.

Трэба адзначыць, праўды дзеля, што хаця гучныя чытанні мелі не зусім адпаведны фармат і прайшлі хутчэй як зацікаўленае абмеркаванне асобных твораў і агульнага кантэксту думкі Русо і Вальтэра, гэта не сапсавала ўражанне падрыхтаванай падзеі. Прысутныя назіралі амаль спартовае дзеянне, дзе думкі, нібы мяч, пераскоквалі ад аднаго ўдзельніка мерапрыемства да іншага, ствараючы сучасны вобраз рэфлексіі над спадчынай асветніцкіх ідэй. Аматарскі спектакль, зроблены сіламі студэнтаў факультэта і прыйшоўшых ім на дапамогу студэнтаў універсітэта культуры, быў не надта доўгім па часе, але напэўна заўважным. Па-першае, ён відавочна стаў кропкай збору для студэнтаў-філосафаў самых розных курсаў, паказаўшы іх як зладжаную каманду, а па-другое высветліў нечаканыя грані талентаў некаторых з іх. Пры ўсёй прастаце сюжэту ён быў адзначаны драматызмам і пошукам адказу на пытанне, ці былі супярэчнасці паміж вядомымі асветнікамі непераадольнымі? А музычна-пластычныя ўстаўкі часам выклікалі ажытацыю ў залі: чаго толькі варты быў маніфест Д’Аламбэра і Дыдро выкананы ў стылістыцы гіп-гопу. Яшчэ раз варта адзначыць, што і сцэнарый спектаклю і яго рэжысуру ладзілі самі студэнты.

Наступным днём праграма фестывалю залучала два асноўныя пункты. Інтэлектуальна-забаўляльны квест “Русо і Вальтэр: на шляху да рэвалюцыі” і круглы стол па філасофіі асветнікаў. На першай секцыі круглага стала адбылася тэматычная гульня – трыбунал над ідэямі асветніцтва з пункту гледжання дню сённяшняга.  Яго ўдзельнікі спрабавалі абгрунтаваць сваё стаўленне да тых сацыяльна-палітычных наступстваў, што спарадзіла 18 стагоддзе і непасрэдна асветніцкая ідэалогія, каб вызначыць, якім мы мусім збольшага ўважаць уплыў ідэй асветнікаў на наш час – пазітыўным альбо негатыўным. Па выніках дыскусіі пытанне па-філасофску апынулася падважаным і меркаванні падзяліліся амаль пароўну, хаця аўдыторыя чакана “рэабілітавала” мысляроў-асветнікаў і выказалася пазітыўна пра іх унёсак у гісторыю.

Інтэлектуальны квест праводзіўся як традыцыйны квест-расследаванне, дзе дзве каманды – вальтэрыянцаў і русаістаў – змагаліся за пяршынства ў пошуку неабходных ключоў-падказак для яго ўдалага завяршэння. І хаця крыху спрытнейшымі былі прыхільнікі Вальтэра, перамога была агульнай. На апошняй жа секцыі круглага стала ўдзельнікі фестывалю з цікавасцю падыскутавалі пра этычныя і эстэтычныя аспекты асветніцкіх ідэй: шукалі адказ на пытанне пра прыроду тэатра і яго ўзаемную нелюбоў з філасофіяй, а таксама вызначалі падабенствы і адрозненні паміж этычнай праграмай аналітычнага эматывізму і русаісцкага сентыменталізму.

Нягледзячы на тое, што фестываль філасофіі дасюль застаецца цікавым пераважна самім філосафам і не надта рэспектуецца студэнтамі іншых спецыяльнасцяў, падзея без сумненняў адбылася і ўзбагаціла ўсіх сваіх удзельнікаў інтэлектуальна і эмацыянальна. Арганізатары фестывалю – студэнцкае навуковае таварыства, а таксама тыя, хто ім дапамагаў і падтрымліваў – у тым ліку адміністрацыйна – малайцы! І даюць надзею на захаванне і ўзбагачэнне гэтай традыцыі ў будучым.

Павел Баркоўскі

IMG_20181119_120103 IMG_20181119_143223IMG_20181120_132048

IMG_20181120_144927IMG_20181120_155029IMG_20181120_155033

Вы можаце сачыць за каментарамі да гэтага запісу праз RSS 2.0 feed. Вы можаце пакінуць каментар, альбо trackback з вашага ўласнага сайта.

 

Пакінце каментар