Пабачыў свет другі том «Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі»
Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычный думкі. У 6 т. Т.2. Протарэнесанс і Адраджэнне / С.І. Санько і інш; НАНБ, Інстытут філасофіі. – Мінск: Беларуская навука, 2010. – 840 с.
Аб’ёмнае акадэмічнае выданне, якое налічвае больш за 800 старонак, падрыхтавана Інстытутам філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Другі том прысвечаны «Протарэнесансу і Адраджэнню», той з’яве, якая заўжды сілкавала беларускую культуру найлепшымі ўзорамі мыслення і грамадска-палітычных ідэалаў. Галоўнымі асаблівасцямі рэнесанснай культуры на Беларусі з’яўляюцца нацыянальнае самавызначэнне, пачатак узрастання нацыянальнай годнасці, за карані якой мы моцна трымаемся сёння, пэўны моўны выбар. Гэты том ёсць лагічны працяг першага, у якім разглядалася сярэднявечная інтэлектуальная культура. Пры падрыхтоўцы новага выдання супрацоўнікамі Інстытута філасофіі былі адкрыты, або занава прачытаны тысячы старонак разнастайных крыніц. Так, у прыватнасці, упершыню былі перакладзеныя на беларускую мову і ўведзеныя ў навуковы ўжытак тэксты на старагрэчаскай і лацінскай мовах, якія апісваюць антычныя і рэнесансныя ўяўленні пра раннюю этнічную гісторыю рэгіёна ВКЛ. Увогуле выданне мае адпаведны бібліяграфічны апарат, які налічвае больш за 1000 пазіцый.
Што да зместу кнігі, то пры аналізе айчыннага Адраджэння, аўтары адмыслова не спыняюцца на часавых рамках гэтага перыяду, і найбольшую ўвагу надаюць значэнню Рэнесансу на Беларусі. З іх пункту гледжання першаасновай выбуховага развіцця краіны ў XVI стагоддзі выступае менавіта старабеларуская культура, як ідэальная духоўная рэальнасць, сфера самавызначэння асобы. Пры складанні тома быў улічаны досвед еўрапейскіх і амерыканскіх даследаванняў феномена Рэнесансу, які на дадзены момант з рознай ступенню катэгарычнасці адмаўляе Адраджэнню ў статусе эпохі і прапануе разглядаць яго як нейкую інтэлектуальную і культурную плынь. Таму замест жорсткага падзелу гэтага важнага перыяду айчыннай інтэлектуальнай гісторыі на часавыя адрэзкі прапануецца больш мяккі падыход.
З гэтага пункту гледжання культура як еўрапейскага, так і беларускага Адраджэння адначасова існавала ў трох соцыякультурных стратах і, з аднаго боку, развівалася праз рэнесанснае перажыванне антычнасці, новага, больш прадметнага, успрымання прыроды, культу геніяльнасці і творчай актыўнасці, а з іншага боку – гэта ідэалогія новых сацыяльна-бюракратычных структур, якія толькі набіралі сілу. Так узнікае комплекс ідэй сацыяльна-прававога характару. І нарэшце, новыя інтэлектуальныя комплексы былі звязаныя з рэнесансным развіццём рэлігійнага ўспрымання свету, захаванымі ідэаламі святасці, духоўнага падзвіжніцтва, аскетызму і бескарыслівасці. Таму пры раскрыцці сутнасці беларускага Рэнесансу мы атрымліваем такія парадаксальныя пары практычна раўназначнага ўжывання, як матэрыялізм і эгацэнтрызм, атэізм і ірацыянальнае перажыванне найвышэйшага, рацыяналізм і melancholia generosa, дэмакратызм і элітарнасць, асветніцтва і «рынак сімвалічнай прадукцыі».
У кнізе зроблены філасофскі аналіз спецыфічнай з’явы «паўночнага Рэнесансу», які характарызаваўся адкрыццём пад уплывам еўрапейскага Поўдня (найперш імпульсаў з Італіі) уласнай антычнасці, у тым ліку праз зварот да мясцовай язычніцкай традыцыі. Значнае месца ў кнізе займае аналіз творчасці такіх прадстаўнікоў беларускага Адраджэння, як Грыгорый Цамблак, Францыск Скарына, Сымон Будны, Мікалай Радзівіл Чорны, Леў Сапега.
Аўтарскі калектыў застаўся верным метадалагічным прынцыпам, пакладзеным у падмурак працы яшчэ ў першым томе – не «рухаючы старыну» (узнаўляючы найлепшыя ўзоры айчыннай гісторыка-філасофскай школы, даючы чытачу судакрануцца з думкай мэтраў і патрыярхаў гэтай дысцыпліны ў Беларусі), яны адначасова ўводзіць шмат якіх «навінаў» – гэта і метадалагічны апарат, рэлевантны дасягненням сучаснай гуманітарыстыкі, і новыя крыніцы, не даследаваныя і не задзейнічаныя ў папярэднія часы. Разам з метадалагічным плюралізмам рэдкалегія аддала прыярытэт мультыкультурнай гісторыі, маючы на ўвазе, што менавіта з сярэдзіны XV ст. не толькі на ўзроўні сацыяльнага быцця, але і ў інтэлектуальным дыскурсе аб культурным жыцці пачалося сумеснае існаванне разнастайных форм рэлігійнай свядомасці, ідэйных пазіцый геапалітычнай арыентацыі (шмат якія захоўваюць сваю вастрыню і ў сённяшняй сітуацыі). Мы паслядоўна спрабавалі захаваць для гэтых поглядаў і перакананняў роўнае месца як у тэкставым напаўненні, так і ў іерархіі падачы матэрыялу.
Урэшце паважны ўнёсак аўтараў заключаецца ў тым, што яны спрабуюць не проста апісаць Рэнесанс, але і накласці яго вобраз на сучасную сацыяльна-культурную сітуацыю Беларусі.