ΠΡΟΣ ΑΡΧΗΝ ΑΝΑΣΤΡΟΦΗ – Вяртанне да крыніц (дыярыуш)

ad fontes

Летнік па вывучэнні старажытнай грэчаскай мовы і філасофіі прайшоў 15 – 24 ліпеня ў Бягомлі.

У супольнай інтэлектуальнай прасторы над тэкстамі Геракліта, Платона і Арыстоцеля бавіліся маль не дваццаць чалавек – збольшага студэнты і выкладчыкі філасофскіх факультэтаў[1]. Навучанне адбывалася пад эгідай Беларускага калегіюму, а інспіравалі яго ды ўзяліся непасрэдна ажыццяўляць Пётра Рудкоўскі[2] і Павал Баркоўскі[3]. Зрэшты, аб арганізатарах тут мусіць весціся абачліва, бо маем рэдкі выпадак, калі ўдзельнікі выступілі ў якасці суарганізатараў – што да фінансавага, побытавага і змястоўнага бакоў справы. Напраўдзе, можна не падаваць на гранты, а папросту скласціся на заробак выкладчыку, пражыванне ды іншыя супольныя выдаткі – гэткая самаарганізацыя бачыцца надзвычай плённай для беларускай культурніцкай сітуацыі.

Месцам сустрэчы стала памяшканне парафіі Хрыста Уладара Сусвету ў Бягомлі.

 Biahoml.Centr

Biahoml.OnAir

Biahoml.StaraiaCarkva

Каго куды і нашто пераклалі

alphabeth

Навучанне мелася праходзіць у два этапы. Адзін прадугледжваў вывучэнне старажытнай грэчаскай мовы, другі – абмеркаванне класічных тэкстаў зыходзячы з ведання арыгіналу і пазнейшых інтэрпрэтацый. Тыя, хто старажытнагрэчаскай хіба што зусім не ведаў, прыехалі на колькі дзён раней і пачалі ад самага альфабэту. Аднак і тыя, хто быў прайшоўшы на ФФСН БДУ семестравы курс мовы і пад’ехаў пазней, разам з выкладчыкам Зміцерам Мінкевічам[4] уключыліся ў засваенне граматыкі дый сінтаксісу. Кажуць, класічным філолагам чалавек становіцца дзесьці пасля сямі гадоў вывучэння старажытнай мовы – у летнікоўцаў жа было крыху больш за сем дзён, таму не дзіўна, што навучанне атрымалася інтэнсіўнае. З дзевяці да паловы на адзінаццатую, скажам, даведаліся пра існаванне аорыста першага, а ўжо ў адзінаццаць трэба пазнаць гэтую форму непасрэдна ў тэксце, звязаць яе з якім-небудзь, да прыкладу, субстантываваным медыяпасіўным інфінітывам няправільнага дзеяслова, пабачыць структуру сказа, даўмецца, аб чым гаворка і якімі канкрэтнымі значэннямі аўтар у дадзеным тэксце напаўняе шматзначнае слова кшталту “лёгас”, ну і яшчэ ж трэба падабраць больш-менш геглыя беларускія канструкцыі… Першыя дні працы, пакуль гарт не асеў крыху, кіроўцам навучальных групаў даводзілася нават перапыняць заняткі і ледзь не сілком цягнуць навучэнцаў на абед.

nasha dolia Поруч з асабістымі матывацыямі, ад жадання чытаць тэксты Дабравесця на той мове, якой яны былі пісаны, да жадання развіртуаліцца з даўнім фрэндам, кожны з удзельнікаў меў на ўвеце мізэрную колькасць перакладаў з старажытнагрэцкіх мысляроў на беларускую мову. Аддзяленне класічнай філалогіі філфака БДУ элітнае не толькі якасна, але й колькасна, прытым лаціністаў куды больш за “грэкаў”. Што да будучых філосафаў, дык згаданы ўжо семестравы курс відавочна не дастатковы для таго, каб самастойна працаваць з крынічным тэкстам.

Летнік выдае на добры пачатак ажыўлення цікаўнасці да грэцкіх аўтараў і павелічэння колькасці беларускіх перакладаў.

(У час падрыхтоўкі гэтага тэксту мяне вельмі патрабавальна запыталі: а навошта ўвогуле перакладаць антычных філосафаў на беларускую, калі яны ўжо перакладзены на расейскую, якую ўсе беларусы выдатна разумеюць?

Паспрабуйма такі адказ: найперш, перакладчык кантактуе з тэкстамі грэцкіх філосафаў антычнасці без пасярэдніка ў выглядзе нейкага іншага перакладчыка, які мог, пільнаваўшы законаў сваёй мовы, тое-сёе апусціць або дадаць; затым, праца над беларускай філасофскай тэрміналогіяй далёкая ад завяршэння, а падбіранне адэкватнага собскага варыянту прадугледжвае не толькі аналіз варыянтаў, наяўных у іншых мовах, але і зварот да крынічнага тэксту. Хтосьці можа запытаць і далей: а навошта беларусам якаясь свая адмысловая філасофская тэрміналогія, калі яны могуць карыстацца расейскай, якую ўсе выдатна разумеюць? Гэткім зробім вялікую ласку, адаслаўшы іх да часткі “Пра што нельга пытацца ў філосафаў”. Увогуле шмат пытанняў задаюць, вось яшчэ: Чаму грэкі? Тут мо гэтак рады дамо: Бо з іх усё тое пачалося, што і дасюль цягнецца)

 minkevich_glottepieraklady.panelpieraklady.panel2pieraklady.panel3

Глузды смажаныя, палову порцыі

Праца з мовай, такім чынам, на летніку выйшла наперад. Але ж і філасофская кампанента не была занядбанаю. Адпачатку меркавалася стварыць гэткі, словамі Пётры Рудкоўскага, герменеўтычны трохкутнік з удзелам грэцкага аўтара, сучаснага аўтара, які б інтэрпрэтаваў грэцкага аўтара, і летнікоўцаў, якія абодвух аўтараў абмяркоўваюць. Так, аднаго дня пасля вывучэння граматыкі перакладалі ўрыўкі з “Парменіда” Платона, затым чыталі Бадзью пра Парменіда. Але перакласці хацелася паболей ды паякасней – і на абмеркаванне не засталося ўжо ані сілаў, ані часу. Так ці гэтак, на летнік з’ехаліся людзі надзвычай апантаныя: мала што яны з-за перакладаў часцяком на абед не хадзілі, дык яшчэ да ночы разбіраліся, чый варыянт лепшы, і да позняе ночы – што хацеў усім гэтым сказаць Платон, а зранку ўсё разбіралі ды разбіралі дзеяслоўныя формы. У апошні дзень шмат каму балелі галовы, той-сёй перайшоў на грэка-беларускую трасянку, іншыя засыналі ў час супольнага пасляперакладніцкага пасяджэння – але ж ніводзін не з’ехаў раней. Зацемім, што характар летніка нездарма быў вызначаны як валанцёрскі, а сам летнік быў абвешчаны эксперыментальным. Тут з ахвотнай згоды ўдзельнікаў на іх імі ж выпрабоўваліся спосабы, тэмп і формы працы – і найболей прыдатныя будуць выкарыстоўвацца. Напэўна, будуць, бо водле абмеркавання далейшых дзеяў у кірунку вяртання да крыніц склалася некалькі прапановаў: наступных летнікаў і нават зімнікаў, сталага семінару ў Менску, стварэння часопіса, прысвечанага старажытнагрэцкай філасофіі і перакладам з яе. 

 pieraklady.grupy.1pieraklady.grupy.2

Дадатак 1. Баўкі ды зАтаўкі

Паміж перакладамі ўдзельнікі летніка гуляліся ў лічылкі на старажытнагрэчаскай, распявалі то Гаўдэамус, то Купалінку, вымудраючы на знаёмы матыў тэксты на старажытнагрэчаскай, высвятлялі адрозненні ў афінскай дэмакратыі IV I V ст. да н.э., а ў адзін з вечароў стыхійна інсцэнавалі афінскі суд і з дапамогай антычнай сафістыкі ды рыторыкі засудзілі адну з удзельніцаў да перакладу яшчэ аднаго кавалку “Парменіда”, што было прызнана пакараннем страшнейшым ад цыкуты… Нават на возера не забываліся прыхапіць падручнік па граматыцы.

na shliahu da vozera na vozery1na vozery2pierapynkam

Дадатак 2. Пра што нельга пытацца ў філосафаў

(каб не быць збітым на горкі яблык)

  1. У чым сэнс жыцця?
  2. Чым ёсць быццё?
  3. Чым ня ёсць быццё?
  4. Чым (не) павінен займацца філосаф?
  5. Ну і чаму вас/вы там вучаць/-ыце?; магч. вар.: І за што вам толькі грошы плоцюць?
  6. Ці маўленне ёсць тоесным мысленню?
  7. Хто такі Зелянкоў?; магч. вар.: Хто гэны нейкі Лосеў?
  8. (Кантэкст.: Ужываецца па трэцяй гадзіне аналізу крынічнага тэксту, калі ўсе варыянты нарэшце зведзеныя ў прыстойную цэласнасць) А мо гэта датывус плюралэс ад…; магч. вар.: А што, калі тут эліпсаваны Акузатывус кум інфінітыво?..
  9. Яшчэ “Парменіда”?

 viacheraviachera2

Дадатак 3. Сюмпосіён, або Што я рабіў улетку

Нягледзячы на некаторую перагружанасць праграмы, а мо праз яе большасць летнікоўцаў канстатавала задавальненне, прытым адразу з чатырох бакоў: задавальненне інтэлектуальнае, духоўнае, культуралагічнае і камунікатыўнае. Аб інтэлектуальнай частцы раней сказанага дастаткова, але ж не забудземся на тое, што дзеянне адбывалася ў плябані, пад адным дахам з капліцай, так што ўсе ахвотныя маглі далучыцца ў адпаведны час да Святой Літургіі. Для нявернікаў скажам так: было куды прыйсці з сваімі думкамі, і здавалася, прыйшоўшы, што тут цябе заўжды чакаюць. Культуралагічны складнік утваралі філасофскія і каляфіласофскія гутаркі, а нават і дыскусіі, што ўзнікалі то за сталом, то ў дарозе, то за гульнёй у валейбол. Ставала і наўпростай перадачы ведаў пра антычны свет ад “гегемонаў” да іншых удзельнікаў летніка. Тое, што адбывалася міжсобку, таксама надзвычай важна, а хто не верыць, хай паглядзіць, як захоплены перакладам філолаг можа заразіць сваім імпэтам купку вельмі змораных філосафаў. Да ўсяго, менавіта на персанальным узроўні пакрысе вяжацца тая еднасць, лучнасць, якой беларусам так бракуе. Супольная інтэлектуальная, філасофская прастора – гэта, спадарства, вельмі а вельмі няблага.

 uvahod da krynic

 

Тэкст: Матыльда Гонта

 Дадатак.

I. Удзельнікі летніка:

Інэса Алейнік 

Маргарыта Аляшкевіч

Павел Баркоўскі

Вікторыя Бурсевіч

Аляксей Вядроў

Андрэй Дудчык

Ганна Мананкова 

Дзіяна Марцінес-Сакалоўская

Зміцер Мінкевіч

Ліна Мядзведзева 

Іван Новік 

Марыя Пазнякова 

Вераніка Рубацкая

Пётра Рудкоўскі

Ігар Слізень  

Марыя Фядзеня

Юлія Шчарбіна 

Віталь Шчуцкі

  II. Разгляданыя тэксты:

1. Ἡράκλειτος  ΑΠΟΣΠΑΣΜΑΤΙΑ  (Геракліт. Выбраныя фрагмэнты). Па-ст-грэцку: http://khazarzar.skeptik.net/books/herakl01.htm

2. Πλάτων  Απολογία (Платон. Апалогія Сакрата. фрагмэнт). Па-ст-гр. + англ.: http://www.perseus.tufts.edu/hopper/text?doc=Perseus%3atext%3a1999.01.0169%3atext%3dApol

3. Πλάτων  Παρμενίδης (Платон. Пармэнід. фрагмэнт). Па-ст-гр + англ.:  http://www.perseus.tufts.edu/hopper/text?doc=Perseus%3Atext%3A1999.01.0173%3Atext%3DParm.%3Asection%3D126a

4. Πλάτων Συμπόσιον (Платон. Пір. фрагмэнт). Па-ст-гр.: http://khazarzar.skeptik.net/books/plato/symposig.htm

5. Ἀριστοτέλης Κατηγορίαι (Арыстоцель. Катэгорыі. фрагмэнт),

    Ἀριστοτέλης Ἡ ῥητορική (Арыстоцель. Рыторыка. фрагмэнт). Па-ст-гр. + англ.: http://www.perseus.tufts.edu/hopper/text?doc=Perseus%3atext%3a1999.01.0059


[1] Зноў жа, збольшага, ФФСН БДУ, зменшага – Кіева-Магілянскай акадэміі і ЕГУ

[2] Багаслоў, філосаф, публіцыст, каталіцкі дыякан, сябра ордэна дамініканаў

[3] Каардынатар праекту “Беларуская філасофская прастора”, дацэнт кафедры філасофіі культуры ФФСН БДУ

[4] Старшы выкладчык кафедры класічнай філалогіі філфака БДУ

Вы можаце сачыць за каментарамі да гэтага запісу праз RSS 2.0 feed. Вы можаце пакінуць каментар, альбо trackback з вашага ўласнага сайта.

4 Responses to “ΠΡΟΣ ΑΡΧΗΝ ΑΝΑΣΤΡΟΦΗ – Вяртанне да крыніц (дыярыуш)”

  1. Ягор У. Прыстаўка:

    Вельмі ўсцешаны і сумую…
    Усцешаны, што ўсё прайшло з вялікім імпэтам.
    Сумую, што мяне не было.
    Ergo, est continuendum.

  2. У.Мацкевіч:

    Выдатна! Добрая справа.

  3. pavel barkouski:

    ανερρίφθω κύβος!
    Будзем спадзявацца, не апошнім разам!

  4. А.Шуман:

    реально молодцы. И Рудковский выше похвал! фотки ничего. Может как-нибудь задумать всем нам мероприятие для старших товарищей?

 

Пакінце каментар