Паседжанне інтэлектуальнага клуба Прасторы 16/05
Паседжанне Інтэлектуальнага Клуба БФП
Тэма дня: Трансфармацыя “сацыяльнага” ў сучасных медыя: выклікі для сацыяльнай аналітыкі
Наступная наша сустрэча запрашае ўдзельнікаў паразважаць над пытаннем медыялізацыі сацыяльнага ў кантэксце развіцця сучасных медыя.
Сучасная парадыгма развіцця медыя апісваецца ў літаратуры як “сеткавыя медыя”, а грамадства, якое базуецца на такіх медыя (шырэй – інфармацыйных і камунікацыйных сетках), вызначаецца як “сеткавае грамадства” (Кастэльс, ван Дэйк). Актуальнасць выкарыстання такой парадыгмы для аналітыкі ў Беларусі палягае ў тым, што, паводле апошніх дадзеных, колькасць карыстальнікаў Інтэрнэта (як асноўнай формы) ў Беларусі складае больш за палову насельніцтва краіны. Фармальна гэта дае падставы назваць сучаснае беларускае грамадства – “сеткавым”.
Разам з тым новая структура камунікацыі ставіць новыя пытанні адносна трансфармацыі сацыяльнага вымярэння, спецыфікі “аўдыторыі”, адрознасці ад папярэдніх форм “сацыяльнага” (“масавай сацыяльнасці” у выпадку масавых медыя).
Так званы феномен “вэб 2.0” (збольшага маркетынгавая назва, але яна ўтрымлівае пэўную сімптаматыку сацыяльнага – “больш сацыяльнага”) акцэнтуе ўвагу на “сацыяльнасці” медыя. Лепш за ўсё гэта бачна на прыкладзе “сацыяльных сетак” (у англамоўнай літаратуры – ‘Social Networking Sites’). Узмоцненая акцэнтаванне ў дыскурсе аб сучасных медыя сацыяльнага характару дазваляе вылучыць гіпотэзу аб тым, што сучасны працэс “медыялізацыі сацыяльнага” прымае (дыскурсіўную) форму “сацыялізацыі медыйнага”.
Разам з тым такая дыскурсіўная форма таксама патрабуе ўважлівага крытычнага аналіза. Якая «сацыяльнасць» насамрэч разгортваецца ў прасторы такіх камунікацый? Ці не хавае ў сабе панятак «сацыяльнага» ў дадзеным кантэксце дадатковых ідэалагічных імплікацый? Якія стратэгіі (крытычнага) аналізу могуць быць прапанаваныя? Ці можна казаць пра «беларускую адметнасць» такой «сацыяльнасці»? Ці магчымы «разрыў сацыяльнага» у кантэксце «інфармацыйнай вайны», якая разгортваецца таксама і ў «сацыяльных медыя»?
Дакладчык – Дзмітры Карэнка, медыядаследчык, журналіст, рэдактар анлайн-рэсурса “Беларуская медыяшкола” (belmediaschool.org)
Сустрэча сталых наведвальнікаў клуба адбудзецца ў суботу, 16 траўня а 13.00 на Падворку Лятучага
Тыя, хто жадае далучыцца да ўдзельнікаў клуба гэтым днём, калі ласка, пішыце сюды: [barkouski @ prastora.org]