Пратакол 26.03.2010

Постмаркcізм і даследванне канцэпту сучаснай Беларусі (брэнд «Беларусь»).

Нагадаю, што ў рамках гэтай сустрэчы мы мелі магчымасць паслухаць прэзентацыю Вольгі Орышавай, дзе закраналіся наступныя пункты:

  • радыкальная рэвізія спадчыны Маркса;
  • ідэя агульнай эмансіпацыі;
  • уяўленне пра грамадства як пра дыскурсійную фармацыю, якая складаецца з нестабільных дыскурсіўных сістэм;
  • кожны аб’ект канстытуюецца як аб’ект дыскурса;
  • губляецца сэнс супроцьстаўлення «базіс-надбудова»;
  • дзейнасць логікі рознасці і эквіваленцыі, універсальнага механізму гегемоніі і адсутнасць грамадства (грамадства як канструкт), палітыка як барацьба за азначаючае і неабходнасць фармавання пратэстных дыскурсаў і г.д.

Што тычыцца практычных аплікацый постмарксісцкай тэорыі (А. Серакова, В. Давыдзік), то ў якасці эмпірычнага матэрыялу былі скарыстаныя каля 60 ідэалагічных плакатаў «За Беларусь!».

Цягам аналізу мы вызначылі наступныя дыспазыцыі:

  1. Якія сацыяльныя групы прэзентуюцца на плакатах.
  2. Якія каштоўнасці яны адлюстроўваюць.
  3. Асацыятыўны шэраг (вобраз+каштоўнасць).

Графікі можна пабачыць у прэзентацыі.

Такім чынам, мы прыйшлі да наступных высноваў: асноўным стратэгічным накірункам ідэалагічных плакатаў ёсць прэзентацыя таталізуючага, гамагеннага вобразу Беларусі сродкамі выяўлення пэўных актараў (працоўных, сялян, народных мастацкіх калектываў, дзяцей, моладзі, г.д.), каштоўнасцяў (патрыятызм, стабільнасць, шчасце, простая праца, інш.) і ўсталяванне паміж імі сталых асацыятыўных повязяў. Гамагеннасць вобразу Беларусі яшчэ й падкрэсліваецца амаль аднастайным падборам сялянска-працоўнай тэматыкі. Спартсмэны, спевакі ёсць хутчэй падкрэсленнем гэтакай аднастайнасці падборкі, бо іх значнасць для краіны падтрымліваецца рознымі дзяржаўнымі праграмамі. Аднак цягам даследвання гэтага вобразу Беларусі праяўляюцца зазоры і лакуны, якія мусяць запаўняцца іншымі вобразамі Беларусі, іншымі культурна-гістарычнымі сімваламі ды ідэалагемамі. З гэтага, асаблівую ролю набывае вобраз Іншага, які быў вымкнуты па-за рамкі афіцыйнага вобразу Беларусі (да прыкладу, топ-мэнэджэры, бізнэсмэны, інваліды, дэпутаты, носьбіты канкрэтнай ідэнтычнасці, каштоўнасці свабоды, асабістага развіцця, г.д.), механізмы і прынцыпы ягонага існавання.

Адным з прадметаў дыскусіі стала пытанне, ці магчыма ўвогуле казаць пра пэўную уладную стратэгію, якая здзяйсняецца сродкамі размяшчэння плакатаў у гарадской прасторы, а, з гэтага, ці магчыма ўжываць словазлучэнне «брэнд Беларусі» у якасці азначэння папулярызацыі пэўнага лайфстал, вобразнасці, прадукавання пэўнага працэсу спажывання «беларускасці». Па гэтым пытанні меркаванні падзяліліся, але магчымым варыянтам адказу можа стаць новая кампанія «Беларускае-самае маё», якая ўключае ў свой сэнсавы кантэнт не толькі камерцыйную частку (падвышэнне іміджу беларускай прадукцыі, прыкладам), але і шэраг палітычных і культурных ідэалагем, якія адыгрываюць таксама значную ролю ў праэцэсе сацыяльнага канструявання.

filosofinja

Вы можаце сачыць за каментарамі да гэтага запісу праз RSS 2.0 feed. Вы можаце пакінуць каментар, альбо trackback з вашага ўласнага сайта.

 

Пакінце каментар